Следчы камітэт правяраў 13 фактаў злоўжывання сілай з боку сілавікоў у Віцебску

Следчы камітэт правяраў 13 фактаў злоўжывання сілай з боку сілавікоў у Віцебску

Следчы камітэт правяраў 13 фактаў ужывання грубай сілы з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў супраць пратэстоўцаў у жніўні 2020 года.

Пра гэта паведамляецца ў дакуменце, размешчаным на сайце Віцебскага аблвыканкама. Дакумент прысвечаны акцыям пратэсту ў вобласці, выявілі яго журналісты "Народных навінаў Віцебска".

Першы раздзел дакумента называецца "Аб фальсіфікацыі вынікаў выбараў"У ім гаворыцца, што паступілі звароты на парушэнні заканадаўства пры падрыхтоўцы выніковага пратакола галасавання на выбарчым участку №25. У гэтых парушэннях заяўнікі вінавацяць кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Сяргея Сташэўскага. Звароты перададзеныя для разгляду ва УУС Віцебскага аблвыканкама.

Дарэчы, Сташэўскі пакараны не быў, але пасады пазбавіўся — цяпер ён працуе ў "Белгідрамеце".

13 чалавек падавалі заявы пра злоўжыванне сілай з боку супрацоўнікаў унутраных органаў. У дакуменце паведамляецца, што прававую ацэнку дзеянням міліцыянтаў павінна даць пракуратура Віцебскай вобласці. Праўда, пра вынікі гэтых праверак ні Следчы камітэт, ні пракуратура публічна не паведамлялі.

Таксама ў дакуменце паведамляецца, што ў Віцебску затрымалі столькі пратэстоўцаў, што яны не змяшчаліся ў ІЧУ. Таму іх сталі адпраўляць у СІЗА №2.

З 9 па 18 жніўня па меддапамогу ў розных гарадах Віцебскай вобласці звярнуліся 57 чалавек, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Восем з іх былі шпіталізаваныя, пры гэтым два чалавекі ўсё яшчэ лячыліся 18 жніўня.

Кіраўніцтва абласной міліцыі выказвала шкадаванне, што сярод затрыманых апынуліся выпадковыя людзі. Міліцыя абяцала правесці праверкі па кожным факце перавышэння паўнамоцтваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі