Вы тут

Складзены спіс самых недарэчных затрыманняў і пакаранняў у Мінску

Статыстыка / @viasnanazirae

Валанцёрамі складзены спіс самых недарэчных затрыманняў і пакаранняў у Мінску 25 і 27 сакавіка. У гэтыя дні сілавікі схапілі сотні людзей. Як паведамляе тг-канал @viasnanazirae, суды масава арыштоўвалі затрыманых нібыта за "ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве".

За "паднятую ўверх руку" былі асуджаныя не менш за паўсотні чалавек. У асноўным гэта быў адміністрацыйны арышт на 10 ці 15 сутак.

23-гадовага Максіма Кіцыненку затрымалі за бел-чырвона-белыя шарыкі, якія ён павесіў на дрэве. Міліцыянер пабачыў "бурную рэакцыю прахожых" на іх з'яўленне. Прысуд — 25 сутак (суддзя — Сяргей Шаціла).

Сяргея Кліменценку затрымалі на Дзень Волі на дзіцячай пляцоўцы на вачах у яго дзіцяці. Ён заўважыў, што незнаёмыя людзі зразаюць бел-чырвона-белыя стужачкі ў яго двары і пацікавіўся, хто яны. Замест адказу мужчыну затрымалі. За "дробнае хуліганства" і "непадпарадкаванне" Кліменценка асуджаны на 15 сутак арышту (суддзя — Аляксей Крапачоў).

61-гадовага Віктара Макарэвіча асудзілі на 15 сутак арышту за тое, што ён з маршруткі здымаў сілавікоў на відэа. Мужчыну абвінавацілі ў "пікетаванні ў групе 20 чалавек уздоўж праспекта". Суддзя Аляксандр Сяргей не стаў глядзець відэа, каб пераканацца, што мужчына насамрэч быў у маршрутцы.

Пад арышт на 12 сутак трапілі трое з пяці пасажыраў аўтамабіля, на багажніку якога была налепка з гербам "Пагоня". Сведка-міліцыянер заявіў у судзе, што кіроўца сігналіў, а пасажыры паказвалі знак "вікторыя".

Кацярыну Якубенку затрымалі за брошку ў нацыянальных колерах, якая вісела ў яе пад шалікам. Яе аштрафавалі на 1450 рублёў. За "пікет у БЧБ-шкарпэтках" пакаралі двух чалавек, яшчэ адзін пратакол адправілі на "дапрацоўку". Траіх мужчын адправілі за краты за "незаконнае пікетаванне" ў форме раздачы бел-чырвона-белых цукерак.

Кур’ера сэрвісу дастаўкі ежы аштрафавалі на 1740 рублёў (верагодна, сілавікі зрэагавалі на чырвоны колер яго працоўнай вопраткі), а мужчыну, які здымаў затрыманне, асудзілі на 15 сутак арышту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.