Сіліцкі: “Для кантралявання выбараў улады знойдуць іншыя механізмы”

АБСЕ і Цэнтрвыбаркам абмяркоўваюць, па якіх правілах беларуская апазіцыя будзе гуляць на бліжэйшых выбарах, але саміх дэмакратаў на абмеркаванне не запрасілі.  З аўторку эксперты Бюро па дэмакратыі і правах чалавека АБСЕ, Нацыянальнага цэнтру заканадаўчай дзейнасці і прававых даследаванняў ды Цэнтрвыбаркама абмяркоўваюць на сустрэчы ў Мінску магчымыя змены Выбарчага кодэксу краіны. Дэлегацыю еўрапейцаў узначальвае дарадца па пытаннях выбараў БДІПЧ АБСЕ Макс Ліндберг, беларускую -- дырэктар цэнтра заканадаўчай дзейнасці, намеснік старшыні Цэнтрвыбаркама Валерый Міцкевіч. Прадстаўнікоў апазіцыі там няма.

Як ідуць перамовы і якія пытанні абмяркоўваюцца, Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў сакратара Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазавіка. Як высветлілася, і для яго гэта пакуль таямніца.

Мікалай Лазавік: “Начальнік арганізацыйна-юрыдычнага аддзела Надзея Кісялёва, наш галоўны юрыст, працуе ў той групе. Яна сказала, што ідзе вельмі добразычлівая і канструктыўная размова, выпрацоўваюцца канкрэтныя прапановы, якія ў выніку стануць прадметамі для разгляду суб’ектамі заканадаўчай ініцыятывы”.

Праўда, кажа Мікалай Лазавік, Макс Ліндберг прыехаў у Мінск з гатовым спісам з 7 канкрэтных прапаноў змен у заканадаўстве. Гэта вынік візіту ў Беларусь кіраўніка Бюро АБСЕ Янэза Лянарчыча, які адбыўся два тыдні таму. Іх, нібыта, і абмяркоўваюць. І назваў некалькі – галоўных, на яго погляд – прапаноў з гэтага спісу.

Мікалай Лазавік: “Першае – каб неяк пашыраць межы агітацыйнай кампаніі, зрабіць яе больш свабоднай і менш кантраляванай. У прыватнасці, прапануецца пашырыць правы кандыдатаў на правядзенне розных перадвыбарных мерапрыемстваў. Ёсць пытанні па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Палітычныя партыі ў нас не маюць дастаткова шырокай сацыяльнай базы і можна неяк пайсці ім на саступкі і даць магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць свой кадравы патэнцыял. Ёсць прапановы па пашырэнні кола пытанняў, якія могуць быць абскарджаныя ў судзе. Прыкладна такога характару прапановы”.

Між тым, у Аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі прэтэнзіі зусім да іншых нормаў Выбарчага заканадаўства. Іх Еўрарадыё пералічыў сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: “Першае – каб у выбарчых камісіях усіх узроўняў прысутнічалі прадстаўнікі тых палітычных сіл ці кандыдатаў, якія бяруць удзел у выбарчай кампаніі. У склад камісій павінны ўваходзіць не толькі прадстаўнікі ўлады, як гэта звычайна бывае, але і іх апаненты. Другое – мы павінны забяспечыць як унутраным, так і міжнародным наглядальнікам права не толькі прысутнічаць на выбарчых участках, але і наглядаць за тым, як адбываецца галасаванне, і бачыць бюлетэні, як прагаласавалі выбарцы. Трэцяе – папярэдняе, датэрміновае галасаванне ў Беларусі стала адным з істотных рэсурсаў фальсіфікацыі. Мы патрабуем альбо поўнай адмены гэтага працэсу, альбо яго жорсткай дэталізацыі”.

Сакратар Цэнтрвыбаркама вымушана прызнаў, што без абмеркавання і гэтых пытанняў, хутчэй за ўсё, не абыдзецца. Іншая справа – што з гэтага атрымаецца.

Мікалай Лазавік: “Частка з тых прапаноў, пра якія кажа Лябедзька, утрымліваюцца з выніковай справаздачы БДІПЧ АБСЕ. У якой форме, падчас якіх мерапрыемстваў, гэта можа быць улічана, гэта будуць вырашаць і экспертная група, і, у будучым, заканадаўцы. Але тэма такая прысутнічае”.

На думку палітолага Віталя Сіліцкага, улады могуць пайсці насустрач патрабаванням БДІПЧ АБСЕ і беларускай апазіцыі і адмяніць, да прыкладу, датэрміновае галасаванне. Але толькі ў тым выпадку, калі знойдуць іншыя механізмы для “кантралявання працэсу”.

Віталь Сіліцкі: “Калі яны знойдуць іншыя механізмы кантралявання выбарчага працэсу, праз нейкія іншыя метады, тады могуць адмяніць і датэрміновае галасаванне. А метадаў колькі заўгодна: калі зачышчаецца палітычная прастора і дапускаюцца да ўдзелу ў выбарах толькі кантраляваныя суб’екты. І можна лічыць галасы “чыста”!”

Дарэчы, згодна са словамі Анатоля Лябедзькі, яны зараз ствараюць ініцыятыўную групу па збору подпісаў у падтрымку прапанаваных АДС зменаў у Выбарчае заканадаўства. Каб група пачала працаваць, неабходна правесці яе ўстаноўчы сход. Пакуль гэта зрабіць не ўдаецца. Паводле слоў палітыка, 12 суб’ектаў гаспадарання ў горадзе адмовілі ім у прадстаўленні памяшкання для правядзення сходу. А дазвол на правядзенне акцыі на плошчы Бангалор прыйшоў так позна, што часу, каб ўзгадніць правядзенне схода 8 лютага і падпісаць адпаведныя дамовы з 6 дзяржструктурамі, проста не было. Сёння на паседжанні прэзідыюма палітрады АДС будзе разглядацца пытанне пікетавання Мінгарвыканкама з гэтай нагоды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі