Шуневіч лічыць, што міліцыя не перавысіла паўнамоцтваў пры затрыманні інваліда
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч падчас прамой лініі пракаментаваў рэзанансную справу з затрыманнем 18 верасня на станцыі мінскага метро "Уручча" інваліда першай групы па зроку. Праўда, БЕЛТА называе яго толькі "беспрацоўным".
Паводле слоў Шуневіча, МУС праводзіць унутранае расследаванне. Аднак ужо цяпер міністр заявіў, што "супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі ў адпаведнасці з заканадаўствам і не перавыслі сваіх паўнамоцтваў". Іх дзеянні кіраўніцтвам міністэрства ўнутраных спраў ацэненыя "як адпаведныя нормам і правілам у такіх выпадках".
Таксама Ігар Шуневіч заклікаў журналістаў даваць інфармацыю "не для таго, каб зрабіць сенсацыю, а каб данесці праўду". Ён лічыць, што паведамленні ў СМІ пра здарэнне ў метро былі накіраваныя "толькі на дыскрэдытацыю органаў ўнутраных спраў".
Паводле афіцыйнай версіі, у падземным пераходзе на станцыі метро "Уручча" да міліцыянераў паступіла скарга на жабрака, які прасіў міласціну. Мужчына аказаў супраціўленне. Дзясяткі пасажыраў метро раз’юшыліся, калі ўбачылі, як на сляпога надзелі кайданкі і пацягнулі за ногі па падлозе. Відэаролікі здарэння з'явіліся ў інтэрнэце і выклікалі вялікі рэзананс. Міліцыя сцвярджае, што мужчына кусаўся, лаяўся, наносіў удары і пашкодзіў абмундзіраванне праваахоўніку.
Суседка інваліда са станцыі метро “Уручча”: Ён сляпы, непітушчы, але быў у турме
На мінулым тыдні стала вядома, што здарэннем зацікавіўся Следчы камітэт. Паведамлялася, што 41-гадовы мінчук быў раней неаднаразова судзімы, у тым ліку за маёмасныя злачынствы, а таксама злоснае і асабліва злоснае хуліганства. Ён не мае рэгістрацыі, жыве ў сваякоў, некалькі гадоў займаецца жабраваннем. Пазней з'явілася афіцыйнае паведамленне, што інвалід выйграў у казіно больш за мільярд рублёў.