Шумчанка: Улады рыхтуюць чарговы рычаг, каб трымаць прадпрымальніка на кручку

Шумчанка: Улады рыхтуюць чарговы рычаг, каб трымаць прадпрымальніка на кручку

Міністэрства па падатках і зборах збірае прапановы па пашырэнні пераліку маркіраваных тавараў з ужываннем тэхналогіі RFID (чыпаванне тавару) ці іншай тэхналогіі. Робіцца гэта “з мэтай стварэння роўных канкурэнтных умоў, як для вырабленай, так і для ўвезенай прадукцыі на мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюзу”, гаворыцца на сайце ведамства. На думку лідара грамадскага аб’яднання “ПерспектываАнатоля Шумчанкі, гэта чарговы ўдар па малому бізнесу Беларусі.

“Гэта празмернае рэгуляванне бізнесу, — тлумачыць прадпрымальнік. — Гэта ўскладняе вядзенне бізнесу, павялічвае час на абслугоўванне свайго бізнесу і, натуральна, моцна павялічвае выдаткі, бо трэба набываць адмысловыя праграмы і гэтак далей. То бок з аднаго боку гэта не таннае задавальненне, а з другога боку лішні рычаг, каб трымаць прадпрымальніка на кручку”.

Прадстаўнік “Перспектывы” дадае, што дагэтуль сертыфікаты, выдадзеныя ў Расіі, часта не прызнаюцца нашымі кантралюючымі органамі, таму няма перакананняў, што падобнага не будзе і з чыпамі.

“Дзяржава будзе ўводзіць чыпаванне паслядоўна кожнага тавару, не аб’ядноўваючы ў адну групу, каб не выклікаць масавых пратэстных настрояў у прадпрымальнікаў, — кажа Анатоль Шумчанка. — Гэта стала зразумела, яшчэ калі распрацоўваўся законапраект па чыпаванні шуб і дублёнак. Першапачаткова прадугледжвалася, што чыпы будуць ставіцца толькі на дарагія тавары, каб абараніць пакупніка ад падману, каб, набываючы шубу з шыншылы, вы не набылі шубу, прабачце, са скунсу”.

Міністэрства па падатках і зборах ніякіх падрабязнасцяў новаўвядзенняў не паведамляе, але абапіраючыся на размовы з прадпрымальнікамі лідар “Перспектывы” мяркуе, што наступнымі будуць чыпаваць дзіцячыя тавары ці абутак.

“Мы збіраемся ў бліжэйшы час вынесці гэтае пытанне на разгляд працоўнай групы ў Міністэрстве эканомікі і запатрабаваць тлумачэнняў таго, што мелася на ўвазе пад гэтым паведамленнем, — працягвае Анатоль Шумчанка. — Але я б ад душы не раіў бы ўладзе сёння ісці па гэтым шляху, бо гэта мера выклікае шквал пратэстаў, якія могуць парушыць той уяўны спакой, што ёсць. Людзі на ўзводзе, паверце”.

Прапановы па пашырэнні пераліку маркіраваных тавараў Міністэрства па падатках прымае да 02 верасня 2016 года. Калі чакаць законапраектаў не паведамляецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі