Шумчанка: Гэтая праграма можа запрацаваць толькі пры палітычнай адлізе

Улады Беларусі згадалі пра праграму малой прыватызацыі, ад якой адмовіліся яшчэ 15 гадоў таму. Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў (на здымку) заявіў, што фармаванне і рэалізацыя гэтай праграмы стане адным з прыярытэтаў ураду. Сярод іншага, адной з яе мэтаў з'яўляецца стварэнне інстытута прыватнай уласнасці.

З нагоды гэтай заявы Еўрарадыё паразмаўляла з кіраўніком рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатолем Шумчанкам.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да гэтай заявы пра аднаўленне праграмы малой прыватызацыі?
111004 Shumczanka s.mp3
Анатоль Шумчанка: Падобныя заявы ад профільных міністэрстваў мы чулі ўжо не адзін раз, але далей за дэкларацыю справы чамусьці не даходзяць. Дакладна таксама мы чулі пра лібералізацыю, якая была абвешчана летась, пра падпісаную дырэктыву №4, але далей за словы ні да чаго, на жаль, не даходзіць. Таму мы расцэньваем гэтую заяву не больш як дэкларацыю, прыгожыя словы.

Еўрарадыё: Але ці лічыце вы слушнай гэтую праграму малой прыватызацыі? Ці палепшыла б яна працу бізнэсу ў нашай краіне?

Анатоль Шумчанка: Яна на сённяшні дзень не зможа працаваць у нашай краіне з той простай прычыны, што ўсе моманты, звязаныя з прыватызацыяй, лібералізацыяй, з рынкавымі механізмамі — яны могуць працаваць толькі ва ўмовах палітычнай канкурэнцыі, свабоды слова і тых дэмакратычных каштоўнасцяў, якімі жыве ўвесь сённяшні свет. А ў іншых умовах, на жаль, гэта ўсё будзе заставацца на ўзроўні пустых словаў. У нас сёння чыноўнікі запраўляюць усім, кіруюць усім... Таму прыватызацыя не будзе забяспечаная аб’ектыўнымі абставінамі — канкурэнцыяй і сапраўды добрымі прапановамі для малога бізнэсу.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што калі пачнуць рэалізоўваць гэтую праграму, то яна не будзе рэалізоўвацца паводле рынкавых правілаў? Вы кажаце, што чыноўнікі вырашаюць усё, але калі ім загадаць, то яны, напэўна, будуць прыватызаваць...

Анатоль Шумчанка: Якім чынам будуць дапушчаныя, напрыклад, да малой прыватызацыі прадпрымальнікі, якія гандлююць у гандлёвым цэнтры ці на рынку? Гэта па-першае. Па-другое, нават калі прыняць за ўмовы тое, што вы сказалі, то на сённяшні дзень фінансавыя ўмовы малога бізнэсу такія, што паўнавартасна ўдзельнічаць у прыватызацыйных працэсах без істотнай падтрымкі дзяржавы, крэдытавання і г. д. вельмі цяжка. Яны могуць выстаўляць такія цэннікі за свае аб’екты, што гэта будзе нерэнтабельна і без сэнсу.
Улічваючы той досвед, які ёсць у мінулым, то нашая дзяржава вельмі шмат хоча, але мала аддае...
 
Больш за тое, каб запрацавалі тыя працэсы, пра якія казаў спадар Снапкоў, трэба ўвогуле ствараць умовы для малога бізнэсу. І прыватызацыя — гэта адна з прыступкаў развіцця малога бізнэсу ў тым ліку, але гэта таксама і падатковая сістэма, і адміністраванне, і агульны фон сітуацыі.

А калі сёння чыноўнік едзе па раёне горада Мінску і кажа, што яму не падабаецца гэты павільён, яго трэба знесці, мне тэлефануюць прадпрымальнікі і кажуць: “А як нам далей працаваць?”. Пра якую прыватызацыю можа ісці гаворка? Тут яшчэ пытанне даверу ўлады і бізнэсу, які на сённяшні дзень набліжаецца да нуля.

Фота — bymedia.net, economy.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі