Што за планава-разліковыя кошты на ваду апублікаваў Мінгарвыканкам?

Што за планава-разліковыя кошты на ваду апублікаваў Мінгарвыканкам?

Мінгарвыканкам публікуе рашэнне № 468 "Аб устанаўленні планава-разліковых коштаў на адзінку жыллёва-камунальных паслуг па водазабеспячэнні і водаадвядзенні (каналізацыі) на 2016 год”. Адзначаецца, што робіцца гэта з мэтай зніжэння затрат па прадастаўленні насельніцтву паслуг ЖКГ. У выніку планава-разліковыя кошты на водазабеспячэнне складуць 6875 рублёў за 1 кубаметр у месяц, а на каналізацыю — 4530 рублёў. Але што гэта такое “планава-разліковыя цэны”?

У планава-разліковым аддзеле Мінгарвыканкама, які займаецца падрыхтоўкай жыровак для насельніцтва, кажуць, што Указ кіраўніка краіны па тарыфах на “камуналку” дагэтуль не падпісаны. А што такое “планава-разліковыя цэны” на ваду раяць запытацца ў Мінскводаканала. Лагічна, так і робім!

“А вы пачытайце Пастанаўленне Урада №117 і №54, — кажа намесніца дырэктара ўстановы па эканамічных і фінансавых пытаннях Інэса Ксяндзова. — Я вам каментаваць і тлумачыць нічога не хачу, бо ўсе мае словы будуць іначай вытлумачаныя. Вось будзе Указ прэзідэнта, вы яго атрымаеце і ўсё будзеце ведаць”.

Гэта ж як трэба тлумачыць “што такое планава-разліковыя цэны", каб потым гэтыя тлумачэнні не так зразумелі? Не дапамагае чыноўніцы разгаварыцца і цытаванне словаў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ўсе тарыфы мусяць быць зразумелымі насельніцтву і насельніцтва павінна ведаць, колькі і за што плаціць. Таму звяртаемся да ўзгаданых пастановаў Савету Міністраў:

Пастанова №117:

“У мэтах забеспячэння зніжэння выдаткаў па прадстаўленні насельніцтву жыллёва-камунальных паслуг Савет Міністраў РБ пастанаўляе: усталяваць лімітава дапушчальныя планава-разліковыя кошты на жыллёва-камунальныя паслугі на 2016 год”. Далей ідзе пералічэнне адказных за гэта і табліца з гэтымі коштамі.

Пастанова №54:

“Планава-разліковая цана — грашовая адзнака кошту адзінкі жыллёва-камунальнай паслугі, якая забяспечвае пакрыццё планавага сабекошту адзінкі паслугі, падатковых і непадатковых плацяжоў, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, і сумы сродкаў, неабходных для пашыранага ўзнаўлення арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі”.

З гэтага можна зразумець, што ў новым рашэнні Мінгарвыканкама ўказаныя сумы, якія, па планах чыноўніках, будуць сярэднім паказчыкам коштаў на ваду і каналізацыю цягам 2016 года. Ці правільна мы зразумелі нялёгкую “мову пастанаўленняў”, пытаемся ва ўпраўляючага справамі Мінгарвыканкама Мікалая Котава.

“Старайцеся разабрацца, адукоўвайцеся, што ж вы так!? — відаць, жартуе чыноўнік, чый подпіс стаіць пад свежанадрукаваным рашэннем №468 побач з подпісамі міністра ЖКГ Церахава і старшыні Мінгарвыканкама Шорца. — Давайце так! У нас жа ёсць цэлая прэс-сакратар, таму ўсе свае пытанні накіроўвайце да яе і яна вам дасканала і праўдзіва на ўсё адкажа”.

Тое, што прэс-служба Мінгарвыканкама ўжо даўно атрымала гэтае пытанне і не дала ніякага адказу, Мікалая Аляксандравіча не хвалюе. На заўвагу, што адна з непасрэдных функцый упраўляючага справамі Мінгарвыканкама — дэбюракратызацыя, ён адказвае класічным: “Я вас накіроўваю дзейнічаць па ўсталяваных дзяржавай правілах”.

Нагадаем, 14 сакавіка Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду, дзе знаёміцца з праектам указу па новых тарыфах на ЖКП. Кіраўнік краіны пагаджаецца з праектам і папярэдне яго ўхваляе, але подпіс пад ім не ставіць. 

У сюжэце па дзяржаўным тэлебачанні ў кадр трапляе паперка з табліцай, дзе заўважныя новыя тарыфы. Паводле праекта, водазабеспячэнне беларусам будзе каштаваць 2790 рублёў за кубаметр, а сабекошт паслугі — 7238; тарыф на водаадвядзенне там — 1863 рублі за куб, а яго сабекошт — 5612 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі