Сабекошт “камуналкі” і новыя тарыфы, якія зацвердзіў Лукашэнка (фотафакт)

Сабекошт “камуналкі” і новыя тарыфы, якія зацвердзіў Лукашэнка (фотафакт)

Працоўная група, створаная па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўляе праект указа з новымі тарыфамі. Кіраўнік краіны зацвярджае тарыфы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі і падтрымлівае падыходы, выкладзеныя ў праекце ўказа.

“Самае галоўнае для нас было не панізіць тарыфы, як гэта паўсюль у СМІ цяпер падаецца, — кажа Лукашэнка на сустрэчы. — Пытанне было ў тым, каб выпрацаваць аб’ектыўныя тарыфы, якія будзе ведаць усё насельніцтва”.

Па выніках нарады паведамляецца, што будуць паменшаныя адразу тры тарыфы: на водазабеспячэнне, водаадвядзенне і тэхабслугоўванне ліфта. Што праўда, указ у выніку так і не падпісаны, чакаецца, што гэта будзе зроблена ў хуткім часе. А таму і пра жыроўкі за люты гаворкі пакуль не вядзецца.

“Пакуль жыроўкі мы не друкавалі, чакаем, каб у нас быў на руках гатовы падпісаны афіцыйны дакумент, — кажа кіраўніца планава-эканамічнага аддзела Мінгарвыканкама Юлія Сагайдык. — Мы ўсе з вамі ўбачым гэты дакумент і ўсё, што нам трэба, усё там будзе. А падрыхтоўчыя працы, натуральна, вядуцца. Яны ж звязаныя не толькі з самімі тарыфамі, якія ўводзяцца ў нашу сістэму, каб потым надрукаваць рахунак-апавяшчэнне. Там жа і паказанні лічыльнікаў, і гэтак далей. Таму падрыхтоўчая праца амаль скончаная, чакаем афіцыйнага дакумента”.

Афіцыйныя СМІ паведамілі, што тарыф на водазабеспячэнне будзе паменшаны на 41%, водаадвядзенне — на 55%, а тэхабслугоўванне ліфта — на 30%. То бок акурат тыя тарыфы, якія выклікалі найбольшае абурэнне насельніцтва. Але ў відэасюжэце БТ-1 у кадр трапіла паперка з разлікам новых тарыфаў, якая ляжала на стале Аляксандра Лукашэнкі.

Водазабеспячэнне і водаадвядзенне ў старых жыроўках аб'яднаныя ў пункт “вада-каналізацыя”. Таму тарыфы з праекта новага ўказа сумуем, і атрымліваем 4653 рублі за кубаметр вады. У студзені гэты паказчык быў 8914, а ў снежні 2015 года — 2515. Пры гэтым гаворка вядзецца пра льготны тарыф, поўны, відаць, пакуль застаецца нязменным — 9000 рублёў. Што цікава, у паперы на стале Лукашэнкі разлічаны сабекошт адзінкі паслугі за 2016 год. Дык вось "вада-каналізацыя" абыходзіцца пастаўшчыкам у 12850 рублёў. Адпаведна, жыхары цяпер будуць пакрываць крыху больш за 36% паслугі.

З тэхнічным абслугоўваннем ліфта усё прасцей. У студзені за кожнага чалавека плацілі 9871 рубель, у лютым плануецца 6911. Пры гэтым сабекошт адзінкі паслугі за 2016 год — 12656 рублёў.

Зыходзячы з падгледжаных тарыфаў, Еўрарадыё пералічвае жыроўку ў тыпавой кватэры. Такой лічыцца двухпакаёўка плошчай 48 "квадратаў", дзе пражываюць тры чалавекі. За ваду-каналізацыю ў лютым гаспадары такой кватэры заплацяць 55836 рублёў, калі прадставіць, што скарысталі яны менавіта па чатыры кубаметры вады на чалавека, якія датуюцца дзяржавай. У студзені пры такіх жа ўмовах выйшла 106968 рублёў. Амаль у два разы даражэй. З ліфтам прапорцыі і сумы значна меншыя: люты — 20733 рублі, студзень — 29613. Агулам, па нашых падліках, сума ў жыроўцы зменіцца на 60000 рублёў. Прычым, пераразлічыць па новых тарыфах абяцаюць аплату не толькі за люты, але і за студзень.

Але вось што дзіўна! Самы вялікі па грошах радок жыроўкі звычайна — “ацяпленне”. Яго чыноўнікі, магчыма, нават і не пераглядалі. Ва ўсялякім выпадку ў паперах, якія прадставілі Аляксандру Лукашэнку, насупраць цеплазабеспячэння стаіць прочырк. Маўляў, ацяпляльны сезон амаль скончыўся, таму навошта кранаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі