Што ўратуе беларускі джаз?

У Мінску прайшоў канцэрт “Symphonic Drive Orchestra”, джаз-бэнда Мінскага музычнага вучылішча ім. Глінкі, які стварыў джазавы энтузіяст, мульціінструменталіст, музыка, аранжыроўшчык і дырыжор Аляксандр Ліпніцкі. Яго калегі лічаць, што менавіта джазавыя аркестры ўратуюць беларускі джаз За некалькі гадоў аркестр Ліпніцкага так хутка набраў моц, што сёння калегі прызнаюць яго адным з лепшых аркестраў Беларусі, а студэнты скардзяцца, што праца ў аркестры часам робіцца няспыннай, і што напярэдадні канцэрту ім прыходзілася рэпетаваць без сну і ежы.

Але вынік здзівіў і парадаваў усіх слухачоў, якія апынуліся на канцэрце. Пасля двухгадзіннага сэту, людзі выходзілі з залы і адразу ж тэлефанавалі знаёмым, маўляў, "якое гора, што ты не чуў гэты канцэрт! Наступным разам ты мусіш гэта паслухаць! Якія класныя былі музыкі!" і г.д. Ўжо за некалькі дзён да выступу, дастаць квіткі на канцэрт было немагчыма.



Музычны крытык, журналіст і вядомы джазавы знаўца Зміцер Падбярэзскі, які працаваў на канцэрце як канферансье, з захапленнем падзяліўся з намі сваімі уражаннямі і дадаў, што менавіта такія канцэрты варта даваць перад уступнымі экзаменамі ў вучылішча, каб абітурыенты на ўласныя вушы чулі свае будучыя перспектывы і не пужаліся прафесіі музыкі:

"Першае, што мяне ўразіла, гэта жывы калектыў! Яны літаральна дыхаюць на сцэне! Яны так класна граюць! Вядома, я не кажу, што ва ўсіх музыкаў высокі ўзровень ігры, але яны бяруць менавіта жывасцю, энергетыкай, яны сапраўды жывуць на сцэне, і пры гэтым Саша сам ўсё арганізаваў.

Будзь на яго месцы іншы дырыжор, такога аркестру не было б. Гэта сто працэнтаў! У аркестры ўсё залежыць ад асобы. Ёсць асоба – будзе бэнд! Будзе бэнд нават з мёртвых музыкаў. Яны пачнуць граць!”

Аркестр Аляксандра Ліпніцкага існуе каля двух гадоў, але на канцэрце вучні музычнага вучылішча гучалі як сталыя прафесіяналы! Саша прызнаўся, што дзеля такога выніку ён мусіць быць даволі аўтарытарным дырыжорам:

"Калі шчыра, я жорстка трымаю дысцыпліну ў аркестры. Хаваць гэтага не буду. Я лічу, што такая вялікая аркестравая машына будзе працаваць толькі ў тым выпадку, калі ўсе механізмы ведаюць, як ім працаваць.”

Гурт "Лепрыконсы"
Гурт "Фестываль"

Да студэнтаў Аляксандра Ліпніцкага далучыліся і сябры дырыжора. Напрыклад, Ілля Міцько (гурт "Леприконсы") прэзентаваў мінскай публіцы сваю аркестравую трактоўку вядомай песні "Сяброў" "А я лягу прылягу". Таксама павіншаваць аркестр Ліпніцкага выйшлі на сцэну гітарыст гурта "Apple Tea" Міхаіл Філіпеня, гурт "Фестываль", Зміцер Падбярэзскі і іншыя

Праграма канцэрту складалася з розных джазавых стандартаў мінулых гадоў і сучасных хітоў. Акрамя джазу, аркестр з павагай сыграў крыху зацягнуты сэт з песень Майкла Джэксана. Аляксандр прызнаўся слухачам, што лічыць Джэксана рэдкім і выключным чалавекам, які змяніў музыку і харэаграфію свету:

"Такія людзі нараджаюцца раз у тысячу гадоў. Джэксан меў ўплыў на ўсю планету! Мы любім цябе, Майкл. Гэтыя апладысменты для цябе!"

Не сакрэт, што Ліпніцкі — гэта вялікі энтузіяст, які сваімі ўласнымі сіламі цягне аркестр, сам арганізаваў канцэрт, сам зрабіў яго рэжысуру і сам спрабуе развіваць беларускі джаз, ствараючы вакол сябе тусоўку маладых і сталых джазменаў:

"Я ўсё ж такі стараюся думаць пра развіццё джазу ў Беларусі пазітыўна. Павялічваецца колькасць джазавых музыкаў, каманды маладыя з’яўляюцца. Проста трэба заўважаць іх і ганарыцца імі. Мы і самі шмат каго не ведаем. Я лічу, што ў нас мусяць быць розныя тусоўкі. І вучні, і зоркі джазу. Бо толькі так і будуецца нармальная культура.”

Кожны год музычныя навучальныя ўстановы выпускаюць шмат джазавых музыкантаў, але джаз дагэтуль існуе як андэграўндная музычная з’ява, а маладыя музыкі знікаюць у рэстаранах і на карпаратывах. З пытаннямі "чаму так адбываецца і як можа уладкаваць свой музычны лёс сярэднестатыстычны дажазавы музыкант", мы звярнуліся непасрэдна да апошніх.
Аляксандр Ліпніцкі прызнаўся, што займацца выключна джазам у Беларусі складана:

"Сапраўды, займацца выключна джазам без распылення на рэстараны, вяселлі і карпаратывы вельмі складана. Таму што, джазавага рынку, па сутнасці, у нас няма. Але, тым не менш,  у нас павялічваецца колькасць майстар-класаў, да нас прыязджаюць замежныя музыкі, клубы нейкія адкрываюцца, але, зразумела, што такія справы трымаюцца на ініцыятыўных энтузіястах.”

Жэня Гаўрусеў (джазавы музыка, удзельнік "Symphonic Drive Orchestra") прызнаўся, што шмат каму з малодшых музыкаў перашкаджае размеркаванне, бо гэта звязвае музыкаў па руках і нагах і расказаў нам, што значыць быць джазменам у Беларусі :

"На маю думку, быць джазавым музыкам ў Беларусі, гэта значыць быць часткай элітарнага асяроддзя, дзе ты “шырока вядомы ў вузкіх колах”. Зарабляць джазавай музыкай вельмі складана. Я ведаю мэтраў джазу, якія ўжо ў сталым ўзросце і з непарушным аўтарытэтам, зарабляюць музыкай толькі 20 долараў у месяц. У нас жа больш развіта поп-культура, і джазавы музыка з цяжкасцю знаходзіць сабе працу.

На жаль, джаз у Беларусі не выклікае вялікай зацікаўленасці, і прычына ў своеасаблівасці менталітэту. Нашы людзі заўсёды слухалі іншую музыку. Джаз — гэта не наша культура. Вось, што патрэбна старэйшаму пакаленню? Новы год, Верка Сярдзючка, чарка… Нешта, каб разняволіцца. А ў джазе трэба думаць! Каб разумець джаз, яго трэба добра ведаць, разумець, чаго вартая кожная нота.

Праўда, ёсць музыкі, у якіх атрымоўваецца выбрацца за мяжу і дасягнуць поспеху там, але такіх людзей адзінкі.”

Аляксандр Сапега (джазавы музыка,удзельнік гурта "Apple Tea," выкладчык музыкі, арганізатар музычнага фестывалю для барабаншчыкаў "Барабанны Біт") лічыць, што беларускі джаз уратуе менавіта аркестравая музыка :

"Саша Ліпніцкі працуе ў музычным вучылішчы толькі некалькі гадоў, але тым музыкам,якія з ім працуюць, вельмі пашанцавала! Таму што яны вырастуць сапраўднымі аркестравымі музыкамі.

Вялікая праблема ў нас — гэта падрыхтоўка сольных артыстаў, а не музыкаў аркестра. Саша гэтым заняўся, і я думаю, што за гэтым будучыня нашай беларускай музыкі.”

Зміцер Падбярэзскі лічыць, што джазавых артыстаў у нас шмат і яны нікуды не знікаюць, проста мы іх дрэнна ведаем:

"Гэта мы слаба ведаем нашых артыстаў. Напрыклад, на мінулых выходных я быў у Салігорску, дзе праходзіў міжнародны фестываль дзіцячага джазу. У рэгіёнах таксама шмат музыкаў! Дзіўна, куды яны потым знікаюць? Проста ў нас мала аркестраў.”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі