Што перашкаджае Лукашэнку самому запрасіць сябе на саміт у Вільню?
Эксперты не выключаюць, што да Вільні ён даедзе без праблем, але гэта перашкодзіць патрапіць туды шэрагу лідараў іншых краін.
Да канца кастрычніка Аляксандру Лукашэнку прывязуць запрашэнне на віленскі саміт Усходняга партнёрства. Кур’ерам будзе міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Праўда, удакладняе палітолаг Віленскага ўніверсітэта Віціс Юрконіс, імя кіраўніка Беларусі ў тым запрашэнні не будзе.
Віціс Юрконіс: “Гэта запрашэнне не для Лукашэнкі персанальна, а для Беларусі”.
І прыгадвае пражскі саміт Усходняга партнёрства 2009 года. Запрашэнне на яго таксама тагачасны міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнберг перадаў асабіста ў рукі беларускаму кіраўніку, але з умовай, што той у Прагу не паедзе.
Але калі радок у запрашэнні пусты, то нічога не замінае Аляксандру Лукашэнка ўпісаць туды імя Аляксандра Лукашэнкі! А таму — спакойна даехаць да Вільні, лічыць эксперт Фінскага інстытута замежных спраў Аркадзь Мошас.
Аркадзь Мошас: “Мяркую, калі ён збярэцца ды паедзе, то на мяжы яго не завярнуць. Але адчуваць сябе на гэтым саміце ён будзе не вельмі ўтульна”.
Хаця б таму, дадае дырэктар дэпартаменту Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Фонду Маршала Ёрг Форбрыг, што, даведаўшыся пра такі намер беларускага лідара, шэраг кіраўнікоў еўрапейскіх краін адмянілі б сваю паездку ў Вільню.
Ёрг Форбрыг: “Відавочна, што ў такім выпадку некалькі іншых еўрапейскіх лідараў проста не паедуць у Вільню. Я не магу сабе ўявіць сітуацыю, калі Ангела Меркель прысутнічае на адной сустрэчы з Лукашэнкам — гэта проста немагчыма!”
Менавіта таму, сцвярджаюць суразмоўцы Еўрарадыё, з беларускім бокам па дыпламатычных каналах рашэнні наконт асобы прадстаўніка Беларусі на саміце былі загадзя ўзгодненыя. Парушаць іх — нарывацца на непрыемнасці, упэўнены кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.
Андрэй Ягораў: “На неадэкватныя парушэнні дамоўленасцяў могуць быць неадэкватныя дзеянні з боку той краіны, у якую ён трапляе. Самы просты варыянт у гэтым сэнсе, што Лукашэнку могуць дэпартаваць з Літвы. Ён так ці інакш прыбудзе ў аэрапорт і яго могуць не выпусціць з аэрапорта ці нешта накшталт таго”.
Дый сэнсу ў такім “прарыве” беларускага лідара на саміт Аркадзь Мошас не бачыць.
Аркадзь Мошас: “Галоўнае зараз для рэжыму — знайсці такія кропкі сутыкнення з Еўрасаюзам, каб гэта мела эканамічны сэнс. Усё, што зараз робіцца для наладжвання ўзаемадзеяння з ЕС, толькі і робіцца, што для паляпшэння эканамічных узаемаадносінаў. А проста прыехаць і нешта там у паветра сказаць — я логікі ў гэтым не бачу. Так, напэўна, будуць пяць хвілін славы — і ўсё!”
Кропку ў спрэчцы ставіць Віціс Юрконіс.
Віціс Юрконіс: “Як імя, так і знешнасць Аляксандра Лукашэнкі ведае большасць літоўскіх памежнікаў. А рашэнне Еўрасаюза наконт яго ёсць...”
Тым не менш усе пагаджаюцца, што нават факт спробы прыезду беларускага кіраўніка на саміт у Вільню стаў бы вялікім скандалам. Праўда, ні самому Лукашэнку, ні Беларусі, ні еўрапейска-беларускім стасункам ён на карысць не пайшоў бы. Не дапамагла б нават правераная забава — прэс-канферэнцыя для замежных СМІ. Іх хоць і шмат будзе на саміце ў Вільні, але пайсці на “непратакольнае” мерапрыемства мала хто асмеліцца — больш на еўрасустрэчы не запросяць!