Што паказваюць беларускія кінатэатры ва ўмовах вайны і санкцый

Калаж Еўрарадыё / @rubanau_collage

Калаж Еўрарадыё / @rubanau_collage / @ulad_rubanau

З пачатку 2020-х камерцыйны кінапракат краіны прайшоў адразу праз дзве клінічныя смерці.

Першая адбылася ў 2020 годзе праз пандэмію каранавіруса, калі людзі проста перасталі хадзіць у кінатэатры, а галівудскія студыі масава пераносілі прэм’еры сваіх стужак на пазнейшы час. Другая — у лютым 2022 года, праз распачатую вайну ва Украіне і саўдзел у ёй Беларусі. Тады ўсе ўплывовыя амерыканскія студыі проста перасталі працаваць на рынках краін-агрэсараў. 

Гэтыя падзеі не забілі культуру публічных кінапраглядаў, але істотна яе перафарматавалі. Еўрарадыё расказвае, чым цяпер жывуць беларускія кінатэатры і чым цікавяцца гледачы.

Праца амаль без збояў

Што паказваюць беларускія кінатэатры ва ўмовах вайны і санкцый
Кінатэатр Skyline Cinema ў Мінску / Skyline Cinema

Сёння айчынныя кінапляцоўкі, як і расійскія, існуюць у новай рэчаіснасці. 

Іх уладальнікі з восені 2022 года паказваюць пірацкі кантэнт ад найбуйнейшых медыякарпарацый ЗША: NBCUniversal, Paramount Pictures Corporation, Walt Disney Studios, Sony Pictures.

Прычым, у адрозненне ад Расіі, дзе пракатчыкі яшчэ працуюць па шэрых схемах кшталту “перадсеансавага абслугоўвання” (гэта калі блакбастар прымацоўваюць да кароткаметражнага расійскага фільма, на прагляд якога фармальна і купляюць білеты гледачы), у Беларусі сеансы з “піраткамі” ідуць без дадатковых мыліц. Рэжым для гэтага прыняў адпаведны закон, легалізаваўшы пірацтва і “паралельны імпарт” з “недружалюбных краін”.  

І гэта дало свой плён — на цяперашні момант лагістыка пастаўкі нелегальнага кантэнту цалкам выбудаваная і працуе амаль без збояў. 

Выглядае яна так. Піраты-пасярэднікі набываюць у краінах СНД лічбавыя копіі стужак з расійскамоўным дубляжом. Калі рэліз не выходзіў на рынку СНД — замаўляюць пераклад у расійскіх студый дублявання. Потым атрымліваюць “ключы” (коды доступу для паказу на лічбавых праектарах) — і дасылаюць кінатэатрам увесь кантэнт  для дэманстрацыі.

Што паказваюць беларускія кінатэатры ва ўмовах вайны і санкцый
Кінатэатр Velcome Cinema ў Мінску / Silver Screen Cinema

Тэхнічная якасць пірацкіх копій трымаецца на высокім узроўні, але многае залежыць ад якасці абсталявання пэўнага кінатэатра. Некалькі суразмоўцаў Еўрарадыё паскардзіліся на якасць гуку і дубляжу, але адзін з дыстрыб’ютараў пераконвае ў адваротным.

“Дурасць гэта ўсё, беларусам абы паскардзіцца. Гэта можа быць праблема ў асобна ўзятым кінатэатры, дзе могуць быць пытанні да абсталявання. А так [піраткі] выглядаюць на тым жа тэхнічным узроўні гуку і выявы, што і легальны кантэнт. Відавочных адрозненняў няма”, — упэўнены суразмоўца. 

Што паказваюць беларускія кінатэатры ва ўмовах вайны і санкцый
Кінатэатр "Кастрычнік" у Мінску / bestbelarus.by

Па актуальнасці і насычанасці рэлізаў рэпертуар беларускіх кінатэатраў амаль нічым не саступае еўрапейскаму. 

Ёсць як блакбастары (фантастыка “Дзюна. Частка другая”, супергеройскія кінакоміксы “Мадам Павуціна” і “Аквамэн і страчанае каралеўства”, мюзікл “Вонка” і г.д.), так і фестывальныя праекты, намінаваныя на прэстыжныя кінапрэміі (“Бедныя-няшчасныя” Ёргаса Лантымаса, “Хлопчык і чапля” Хаяо Міядзакі, “Мінулыя жыцці” Селін Сан і г. д.). 

На вочы трапляюцца хіты нядаўнага мінулага, вернутыя ў паўторны пракат (напрыклад, фантастычная меладрама “Выжывуць толькі каханкі” Джыма Джармуша), але ў працэнтных суадносінах са свежым кантэнтам іх не вельмі шмат. Пры гэтым фільмы катэгорыі “B” (звычайна гэта баевікі ці драмы з невялікім маркетынгавым бюджэтам) цалкам зніклі з экранаў краіны.

Што паказваюць беларускія кінатэатры ва ўмовах вайны і санкцый
Постары расійскіх стужак / godliteratury.ru

Эксперты, апытаныя Еўрарадыё, разышліся ў меркаваннях пра тое, наколькі расійскі кантэнт запатрабаваны беларусамі. Адны яго цалкам ігнаруюць, іншыя глядзяць у сеціве ў пірацкім выглядзе. Пракатчыкі пры гэтым згодныя, што колькасць расійскага кантэнту сапраўды вырасла, але вялікага попыту на яго няма. 

У сярэднім з 10 праектаў толькі адзін ці два збіраюць вялікія грошы ў Беларусі. Працуюць законы рынку, як і ў ЗША, — расказвае беларускі дыстрыб’ютар. — Сапраўды паспяховых шэдэўраў вельмі мала, большасць кантэнту — абняць і плакаць. Але той жа “Лёд-3”, “Чабурашка”, “Брэменскія музыкі”, “Майстар і Маргарыта” добрыя грошы сабралі. Калі стужка добрая — яна збірае грошы, калі ні пра што — не”.

Другая перамена — узрасла актыўнасць Мінкульта па ідэалагічнай “апрацоўцы” насельніцтва з дапамогай кінатэатраў. 

Летась “бюджэтнікаў” прымушалі хадзіць на гістарычную драму “На іншым беразе”, пра штучны глядацкі поспех якой наперабой пісалі дзяржСМІ.

У адзіны дзень выбараў па ўсёй краіне праводзілі бясплатныя паказы ідэалагічных фільмаў вытворчасці “Беларусьфільма”. А цяпер Мінкульт праводзіць адначасова дзве розныя патрыятычныя акцыі з паказамі савецкага кіно. 

На акцыю “80 гадоў вызвалення. Беларусь памятае 1944—2024”, прымеркаваную да юбілею перамогі ў Вялікай Айчыннай, дзяржкінатэатры паказваюць “найлепшае ваеннае кіно савецкага часу”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі