Вы тут

Што будзе ў падарункавым “партфелі дэлегата” V Усебеларускага сходу?

З рэгіёнаў у Мінск прыедзе 2100 дэлегатаў Усебеларускага сходу. Усіх іх трэба недзе размясціць на двое сутак. У гатэлі “Беларусь” мне адказваюць, што ён практычна цалкам зарэзерваваны за дэлегатамі сходу. Праўда, на пытанне Еўрарадыё, засяляе гатэль дэлегатаў бясплатна ці за грошы, адказваць адмаўляюцца. 

“Яны ж фактычна ва ўсіх гатэлях будуць жыць — гэта ўсё, што я магу вам адказаць на ваша пытанне. Палітыка канфідэнцыйнасці, вы ж разумееце”, — адказваюць у гатэлі “Мінск”.

Цэны ў гатэлях розныя, як розныя і нумары. Але калі ў сярэднім лічыць, што пражыванне аднаго чалавека каштуе 50 долараў, то пражыванне ўсіх рэгіянальных дэлегатаў цягам двух дзён абыдзецца прыблізна ў 200 тысяч долараў.

 

 

Да ўсяго, кожны дэлегат атрымае прэзент — так званы “партфель дэлегата”, кажа мне прэс-сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіслаў Сычэвіч. Праўда, што ў ім будзе, не кажа.

Уладзіслаў Сычэвіч: “Такі партфель будзе, а ў ім — раздатачны матэрыял V Усебеларускага народнага сходу. Інфармацыя статыстычная за пяцігодку, праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, які апублікаваны ў СМІ. А вось наконт падарунка я дакладна не ведаю, што будуць гэтым разам дарыць”.

Глядзім, што дарылі дэлегатам ІV сходу ў 2010 годзе: партфель, дзве асадкі з гравіроўкай, гадзіннік “Луч” з гравіроўкай, арганайзер, значок дэлегата, два нататнікі, мікрахвалёўка “Гарызонт”, фотаальбом пра Беларусь у двух тамах.

 

 

Афіцыйна кошт гэтага набору не агучваўся, але журналісты падлічылі, што “важыў” ён не менш як 230 долараў. Агулам “Партфель дэлегата-2010” каштаваў каля 575 тысяч долараў.

Можа, набор стандартны і тое ж падораць сёлета? Тэлефаную на завод “Луч”.

“Мінулым разам нашы гадзіннікі ў наборы былі, але сёлета мы не пастаўляем сваю прадукцыю для гэтага сходу”, — адказваюць на заводзе. 

Найхутчэй, без падарунка дэлегаты не застануцца, але падлічыць яго кошт пакуль не магчыма.

 

 

Што яшчэ? Па традыцыі ніводнае мерапрыемства такога маштабу не абыходзіцца без культурнай праграмы. Будзе яна і сёлета. Арганізуе канцэртную праграму канал “АНТ”. За якія грошы? Даведацца гэта нам дапамагае сайт тэндарных закупак. На ім знаходзім абвестку: шукаюцца ахвочыя “арганізаваць і правесці ўрачыстую вечарыну “Наш шлях” у межах культурнай праграмы V Усебеларускага народнага сходу”. За… 3 мільярды 662 мільёны 824 тысячы рублёў. На сёння гэта каля 185 тысяч долараў.

 

 

На сцэну выйдуць усе самыя знакавыя артысты. Да прыкладу, Аляксей Хлястоў і Аляксандр Саладуха. Выступы будуць аплачаныя. Колькі нулёў мае іх ганарар?

Аляксей Хлястоў: “Сумы дастаткова прымальныя. Я не скажу, што ганарар проста абалдзець, як у масквічоў. Не, звычайны… у кантэксце правядзення мерапрыемства нармальна, у межах бюджэту. Цяпер такія эканамічныя ўмовы, што я рады, што адшукваюцца сродкі і аплачваецца артыстам”.

“Ганарар… Нейкі невялікі ганарар ёсць, да. Але па-любому тэлевізійны эфір — гэта ўжо добра, а калі яшчэ і плацяць грошы, то ўвогуле супер”, — адказвае пра суму ганарару Аляксандр Саладуха.  

Калі падарункі будуць не таннейшыя, чым у дэлегатаў папярэдняга сходу, гасцей не паселяць па хостэлах і сталічных сваяках, а артысты не адмовяцца ад ганарараў, то толькі гэтыя выдаткі ў суме даюць нам лічбу, большую за мільён долараў. А яшчэ ж трэба ўлічваць харчаванне дэлегатаў, арганізаваны прыезд у сталіцу на аўтобусах, іншыя расходы…

 

Фота: Еўрарадыё, mingorsovet.livejournal.com

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі