Што беларусы везлі з Польшчы і Літвы гэтай восенню

Тавары часцей за ўсё вывозяць з Польшчы і Літвы, а ўвозяць — у Літву і Латвію / pixabay
Тавары часцей за ўсё вывозяць з Польшчы і Літвы, а ўвозяць — у Літву і Латвію / pixabay

Больш за ўсё тавараў фізічныя асобы вязуць у Беларусь з Польшчы і Літвы, вынікае з новага даследавання Беларускага статыстычнага камітэта.

Белстат вырашыў высветліць, што вязуць у Беларусь праз мяжу, а што вывозяць з краіны. І 19 кастрычніка спецыялісты Камітэта раздалі анкеты тым, хто ў той дзень ехаў праз аўтадарожныя пункты пропуску. У выніку ў Белстат вярнулася больш за 2,6 тысячы запоўненых анкет. Нерэзідэнты Беларусі запоўнілі больш за тысячу анкет, яшчэ 1,6 тыс. запоўнілі беларусы.

Самымі папулярнымі таварамі з тых, што ўвозяць у Беларусь, аказаліся камп'ютарная тэхніка і сродкі сувязі, тэлевізары, электрычная бытавая тэхніка, электраінструменты, бензапілы, цацкі, гульні, спартыўны інвентар, шыны і колы, будаўнічыя матэрыялы, аўтазапчасткі, адзенне і абутак, парфумерныя і касметычныя сродкі.

А вось вывозяць тавары з Беларусі галоўным чынам у Літву, крыху радзей — у Латвію. Часцей за ўсё гаворка ідзе, як ні дзіўна, аб той жа камп'ютарнай тэхніцы і сродках сувязі — праўда, сярэдні чэк прыкметна ніжэй, чым у тавараў, якія ўвозяцца. Аб якой менавіта тэхніцы ідзе гаворка, у даследаванні не гаворыцца. Акрамя таго, вывозяць з Беларусі мэблю, матрацы, асвятляльныя прыборы, электрычную бытавую тэхніку, вопратку, абутак.

У Літву і Латвію вязуць таксама бензін і дызельнае паліва, лекі, прадукты, цацкі.

З увядзеннем у аднабаковым парадку бязвізавага рэжыму жыхары Літвы і Латвіі сталі часцей ездзіць у Беларусь на шопінг. Латвійскі Сейм сёлета нават унёс папраўкі ў закон аб акцызах, каб абмежаваць увоз падакцызных тавараў з Беларусі. Цяпер жыхарам Латвіі можна будзе вывозіць іх для ўласнага спажывання не часцей за раз на месяц. Раней яны маглі рабіць гэта раз на тыдзень, пісала латвійскае медыа lsm.lv.

Журналісты адзначалі, што нягледзячы на папярэджанні службы бяспекі, жыхары латвійскага памежжа з увядзеннем бязвізавага рэжыму сталі часцей ездзіць у Беларусь. У тым ліку — на шопінг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі