Шматдзетныя атрымаюць зніжкі на тавары ў ГУМе. Калі папросяць дырэктара

Калі сям’я хоча атрымаць зніжкі пры набыцці тавараў, то можа выкласці свае праблемы дырэктару ГУМа. І — чакайце: да вашай просьбы паставяцца з належнай увагай. У Мінску спынены льготны продаж тавараў для малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў, які вёўся з 1999 года. Зроблена гэта згодна з рашэннем Мінгарвыканкама ад 4 верасня 2008 года.

Юрыст кансультацыйнага цэнтра сацыяльнай абслугі сям’і і дзяцей пры Мінгарвыканкаме Алена кажа: адмена льготы адбылася таму, што такая вялікая колькасць ільготаў, якая існавала ў нашай краіне, кепска ўплывала на бюджет.

Алена: Такіх прычын глабальных я ўжо дакладна не магу назваць, таму што льготы ж усе ў нас пераглядаліся. І былі адменены, у тым ліку і шматдзетным сем’ям, і пераглядаліся ж і льготы па праезду, і па аплаце камунальных паслуг, і шэраг іншых, у сувязі з тым, што было адкрыта заяўлена, што у нас вельмі шмат ільгот увогуле прадстаўлена, і гэта неспрыяльна адбіваецца на бюджэце.
ЕРБ: А якія-небудзь ільготы для шматдзетных сем’яў засталіся?
Алена: Ім прадстаўляецца па заяве ад мамы вольны ад працы дзень з аплатай, таксама адпачынак у зручны для іх час пры складанні графікаў адпачынкаў. А таксама ільготы ў жыллёвым заканадаўстве: пры мінімальных даходах яны маюць права на пазачарговае атрыманне ільготнага крэдыту і будаўніцтва жылля.

А вось зніжкі на разнастайныя тавары, па словах юрыста, цяпер залежаць ад мясцовай улады. Напрыклад, калі крамы кшталту ГУМа або ЦУМа ладзяць якія-небудзь акцыі з распродажам, зніжкі ў іх прызначаюць толькі адміністрацыя раёна або адміністрацыя крамы.
Ці сапраўды існуюць такія акцыі, Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў ЦУМе. Там паведамілі, што акцыі даўно ліквідаваныя і на будучыню не плануюцца.

ЦУМ: Не, няма, іх ліквідавалі, гэтыя акцыі. Так, даўно.

У ГУМе больш схільныя да дабрачыннасці. Па словах намесніка дырэктара ГУМа, крама сама ўзяла на сябе місію дапамогі такім сем’ям. Калі шматдзетная мама запэўніць дырэктара ГУМа, што адчувае праблемы, то, магчыма, дачакаецца зніжак.

ГУМ: Раней практыкавалася так, што шматдзетныя сем’і былі замацаваны за раёнамі, за арганізацыямі сацзабяспячэння. Пасля гэта рашэнне было адменена гарвыканкамам. Але калі да нас прыходзіць шматдзетная сям’я, і нам гавораць, якія яны адчуваюць праблемы, то мы, выказваючы ў нечым неардынарнасць, ідучы дзесьці сабе на крокі не зусім зручныя, ці прыбытковыя, у кожным канкрэтным выпадку спрабуем падыходзіць з разуменнем.
ЕРБ: А якой павінна быць сям’я, каб вы пайшлі на саступкі?
ГУМ: Калі тая шматдзетная сям’я выкладзе сутнасць сваіх праблем, заўсёды стараемся праяўляць чалавечнасць і рэагаваць станоўча. А так, увогуле, залежыць ад кожнай канкрэтнай сітуацыі і канкрэтнай службовай асобы.
ЕРБ: А каму яны павінны расказваць свае праблемы?
ГУМ: Ну, як правіла, калі яны прыходзяць, то заўсёды альбо да кіраўніка, альбо да намесніка. Канечне ж, не да прадаўца, бо ён не можа прыняць такое рашэнне. Калі да нас такія людзі будуць звяртацца, то мы, паверце, заўсёды з разуменнем і ўвагай да іх ставімся.

Маці чатырох дзяцей Эла Матвіенка распавяла Еўрарадыё пра тое, якімі льготамі карыстаецца яна.

Эла Матвіенка: Самая істотная льгота, якая нам дапамагае, гэта бясплатнае харчаванне для дзвюх дзяўчынак. І яшчэ льготы на падручнікі ў школе — на 50 адсоткаў. Але гэта не такія ўжо вялікія грошы, і калі нарадзіўся апошні наш чацвёрты дзіцёнак, то першы год выплочваліся невялікія грошы як дапамога шматдзетнай сям’і, і падарункі на каляды, і ўсё. Раней былі льготы на праезд, а цяпер жа гэтага таксама няма.

Пра тое, што льготаў на набыццё тавараў у ГУМе таксама ўжо няма, Эла Матвіенка яшчэ не ведае:

Эла Матвіенка: Ёсць у нас такая зніжка, мы далучаны да крамы ГУМ, і там у нас зніжкі 30 адсоткаў. Але там даволі абмежаваны спіс. Калі ты набываеш абутак, то можаш набыць амаль любы, толькі беларускай вытворчасці. Калі ты набываеш нейкую вопратку, то там абмежаванні. Калі ты набываеш у школу, і ты ўжо набыў школьную форму, то спартыўную ты ўжо набыць не можаш, ты ўжо свой ліміт выпрацаваў.
ЕРБ: А вы даўно карысталіся гэтай ільготай?
Эла Матвіенка: Перад школьным сезонам.
ЕРБ: А гэтых льгот ужо няма.
Эла Матвіенка: То бок можна ўжо не звяртацца?
ЕРБ: Можна звяртацца — толькі да кіраўніцтва, у прыватным парадку.
Эла Матвіенка: Ну яно, напэўна, вельмі складана, і яно, напэўна, больш напругі, чым задавальнення. Я неяк не вельмі веру ў падобныя рэчы.

Вось і атрымалася, што лёс шматдзетных сем'яў сёння залежыць толькі ад дабрачыннасці дырэктароў крамаў. З такім падыходам дэмаграфічная праблема ў Беларусі вырашыцца не хутка.


Фота — vipstile.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі