Шчукін "нажабраваў" 1,2 тысячы, а пасля яго забралі ў міліцыю

У Віцебску ізноў быў затрыманы Валерый Шчукін. Міліцыі не спадабалася, што ён збіраў міласціну на выплату штрафу. Раней суд абавязаў праваабаронцу выплаціць 250 тысяч беларускіх рублёў у якасці пакрыцця маральнай шкоды сакратарцы Віцебскай абласной выбарчай камісіі Таццяне Буевіч, якую апазіцыянер абвінаваціў у фальсіфікацыях.

Шчукін "жабраваў" на мосце праз рэйкі, акурат ля дома сп. Буевіч. Каб не марнаваць час на вытлумачэнне становішча, у якое ён трапіў, апазіцыянер раздаваў мінакам улёткі прыкладна наступнага зместу: "дапамажыце 65-гадоваму пенсіянеру Валерыю Шчукіну для выплаты 37-гадовай Таццяне Буевіч за маральную шкоду".

Валерый Шчукін: "Я ж не на кавалак хлеба збіраю... Я ўсё распісаў і на аркушах А5 раздаваў кожнаму".

Менавіта гэтыя ўлёткі і зацікавілі міліцыю. Апазіцыянер паспеў сабраць толькі 1,2 тысячы рублёў і быў затрыманы.

Валерый Шчукін: "Мяне прывезлі ў РАУС, пакруцілі-пакруцілі і аніякага артыкулу не знайшлі. Адзінае, што іх зачапіла - тое, што я сваю просьбу выклаў у пісьмовай форме.

"Вось калі б вы проста так сядзелі..." - А проста так чаго сядзець-та?"


Праз дзве гадзіны сп. Шчукіна адпусцілі, дазволіўшы стаяць проста з працягнутай рукой, без таблічкі. У адказ “жабрак” паабяцаў і надалей збіраць грошы ля дома згаданай вышэй супрацоўніцы выбаркама.

Валерый Шчукін: "На мяне яшчэ 1,2 мільёны штрафу. Гэта я буду збіраць ля дамолў тых настаўнікаў 12-й школы, праз якіх і пачалася ўся гэтая гісторыя".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі