Шарамет: Ганчар заўжды вылучаўся на шэрым фоне беларускай палітыкі

Апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і бізнэсмен Анатоль Красоўскі бясследна зніклі ў Мінску 12 гадоў таму. З гэтай нагоды Еўрарадыё паразмаўляла з журналістам Паўлам Шараметам, аўтарам дакументальных фільмаў пра зніклых беларускіх палітыкаў і журналіста Дзмітрыя Завадскага.

Еўрарадыё: У сённяшнім нумары “Народнай волі” змешчанае выказванне ўдавы Красоўскага Ірыны, якая сказала, што калі б Ганчар не знік, ён ужо быў бы прэзідэнтам Беларусі. Вы згодныя з гэтай ацэнкай?
110916 Sharamet_site.mp3
Шарамет: “Віктар Ганчар, безумоўна, адзін з самых яркіх беларускіх палітыкаў. Ён заўжды вылучаўся на агульным шэрым фоне такой троху "калгаснай" беларускай палітыкі. Ён заўжды вылучаўся і знешне, ён заўжды цудоўна выглядаў і ён вылучаўся сваім інтэлектам. Ён вылучаўся тым, як ён выступаў. Ганчар быў вельмі яскравы, інтэлектуальны, адкрыты палітык. Ці стаў бы ён прэзідэнтам, цяжка сказаць, бо дыктатарскія рэжымы знішчаюць больш-менш яркіх сваіх апанентаў...

Віктар Ганчар быў адным з першых, хто сышоў з каманды Лукашэнкі. Мне здаецца, што ён і ў момант выбараў многае разумеў, таму ён актыўнага ўдзелу непасрэдна ў выбарах не прымаў. Нягледзячы на тое, што ён увайшоў ва ўрад і стаў віцэ-прэм'ерам, ён вельмі хутка сышоў у актыўную апазіцыю. Ён не проста адышоў у бок, як напрыклад Булахаў, а сышоў менавіта ў актыўную апазіцыю, за што і пацярпеў. У прынцыпе, Ганчар вельмі сумленна паступіў. Ён быў, канешне, вельмі амбіцыйны чалавек, але гэта і нармальна для любога палітыка. Ён будаваў нейкія свае далёкасяжныя амбіцыйныя планы, але ён, у адрозненне ад шматлікіх апазіцыянераў, іграў у адкрытую, ішоў у атаку адкрыта. За гэта, канешне, ён пацярпеў”.

Еўрарадыё: А адкуль узяўся Ганчар, як палітык, на беларускіх абшарах?

Шарамет: “Ганчар быў першапачаткова ў камандзе Карпенкі, калі той быў мэрам Маладэчна. Ён быў з маладой хвалі беларускіх палітыкаў, калі стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета. Ён узначальваў канстытуцыйную камісію ў парламенце і ў гэтую камісію, дарэчы, уваходзіў Лукашэнка. Адсюль яго знаёмства з беларускім прэзідэнтам. Фактычна, Ганчара можна лічыць калі не "бацькам беларускай Канстытуцыі", то адным з аўтараў асноўных дакументаў беларускай дзяржавы”.

Еўрарадыё: Гэта адзін з самых плённых перыядаў яго дзейнасці. Якія яшчэ здзяйсненні можна прыпісаць Віктару Ганчару?

Шарамет: “Па-першае, усе забываюцца, што ён быў старшынём ЦВК. Як старшыня ЦВК ён таксама быў яркім, актыўным і гэта скончылася для яго таксама не вельмі добра. Гэта скончылася спецназам, які выдаляў Ганчара і многіх членаў Цэнтрвыбаркама з будынку [у 1996 годзе], гэта скончылася сутыкненнем са спецназам і г. д. Але ён быў добрым старшынём ЦВК. Ён быў адным з такіх энергетычных цэнтраў беларускай апазіцыі”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі