Шанталосава падазраюць у продажы матчаў зборнай Беларусі па футболе

Былы варатар зборнай Беларусі па футболе, а цяпер адзін з трэнераў расійскай каманды “Сібір” Валеры Шанталосаў аб’яўлены ў вышук у сувязі з абвінавачаннем у продажы матчаў з удзелам нашай зборнай. Пра гэта газеце “Прэсбол” паведаміў начальнік следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама Генадзь Казакевіч.

“Аперацыю “Крот” распачала сама газета “Прэсбол”. Па матэрыялах выдання ў чэрвені 2005 года Рэспубліканскай пракуратурай была распачата крымінальная справа за “Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спаборніцтваў”.

Аднак тады імя падазраванага не называлася. Па словах Казакевіча, ужо вынесена пастанова на арышт Шанталосава, і як толькі ён будзе знойдзены, справу перададуць у суд.

Нагадаем, публікацыя “Аперацыя “Крот” абапіралася на аўдыёзапісы размоў і тэлефонных перамоў, якія дазволілі сцвярджаць, што ў пачатку восені 2003-га года на базу ў Стайкі, дзе да адборачных матчаў чэмпіянату Еўропы рыхтавалася зборная Беларусі, з мэтай таемных перамоў прыехаў пасярэднік — Валеры Шанталосаў.

Ён па чарзе запрасіў на гутарку некалькіх асноўных гульцоў каманды Беларусі, прапанаваўшы ім грошы за "патрэбны" вынік у двух матчах: 6 верасня Беларусь - Чэхія і 10 верасня Малдова - Беларусь.

Дарэчы, тыя матчы завяршыліся як і планавалася: нашы прайгралі чэхам 1-3 і малдаванам 1-2.

Па справе праходзіць таксама вядомы расійскі журналіст, але яго імя пакуль не называецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі