Сейм Літвы прыняў рэзалюцыю пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі

Літва заклапочаная сітуацыяй у краіне-суседцы / Ілюстрацыйнае фота Reuters

8 снежня Сейм Літвы прыняў рэзалюцыю аб сур'ёзных сістэматычных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Яна накіравана прэзідэнту і ўраду Літвы, кіраўніцтву Еўрасаюза, краін-членаў ЕС, NATO, Генеральнай асамблеі ААН. У дакуменце падкрэсліваецца, што "масавыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці... ўсё яшчэ працягваюцца". У Беларусі паўтары тысячы палітвязняў, дзясяткі тысяч чалавек затрымліваліся з лета 2020-га. Апісваюцца здзекі з палітвязняў, згадваюцца ідэнтыфікацыйныя знакі, якія іх прымушаюць насіць.

Літоўскі парламент заклікае спыніць рэпрэсіі, вызваліць беларускіх палітвязняў, забяспечыць свабоду слова і сходаў, правесці ў краіне новыя свабодныя і празрыстыя выбары. У рэзалюцыі змешчаны заклік пашыраць санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, выключаць магчымасці іх абыходу. Таксама Сейм заклікае стварыць спецыяльны міжнародны трыбунал па расследаванні злачынстваў рэжыму ў РБ супраць свайго народу. Такія арганізацыі, як КДБ і ГУБАЗіК МУС прапануецца прызнаць тэрарыстычнымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.