Сем гісторыкаў звольненыя з Інстытута гісторыі, пяцёра сышлі з салідарнасці

Сем гісторыкаў звольненыя з Інстытута гісторыі, пяцёра сышлі з салідарнасці

Кіраўніцтва інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук не працягнула кантракты сямі навукоўцам. Яшчэ пяцёра заявілі, што звальняюцца на знак салідарнасці з калегамі, піша TUT.by. 

З 17 лістапада паведамленні, што кантракты з імі не будуць працягнутыя атрымалі кандыдаты гістарычных навук Мікалай Волкаў, Аляксей Шаланда і Кацярына Крывічаніна, кандыдат філалагічных навук Алесь Жлутка, навуковыя супрацоўнікі Аляксей Радаман, Таццяна Папоўская і Уладзімір Шыпіла

Намеснік дырэктара інстытута па навуковай працы Вадзім Лакіза тлумачыць звальненні рэарганізацыяй інстытута: "У нас завяршаецца дзяржаўная пяцігадовая праграма навуковых даследаванняў. Пад гэтую праграму калісьці фарміраваўся калектыў. Сёння ў Інстытуце ў вялікай колькасці людзей сканчваюцца кантракты. Большасць з іх атрымае ўведамленні пра непрацяг кантрактаў. Акрамя таго, фарміруецца новая структура на наступныя гады. З’явяцца новыя аддзелы, будзе пэўнае ўзбуйненне".

Аднак ёсць сумневы, што гэтыя звальненні не маюць палітычнай падкладкі. У жніўні 49 супрацоўнікаў Інстытута гісторыі падпісалі заяву, у якой выказалі недавер вынікам выбараў, якія агучыла ЦВК, запатрабавалі вызваліць палітвязняў і іншых затрыманых, спыніць катаванні, расфармаваць АМАП і г.д. Першымі пад лістом падпісаліся Крывічаніна і Шаланда. 

Чацвёра з тых, з кім не працягнулі кантракт, былі затрыманыя ўвосень за ўдзел у акцыях пратэсту: Жлутка і Шыпіла адбылі арышт, Волкаў быў аштрафаваны, Радаман быў затрыманы 12 жніўня, збіты, суткі адбыў на Акрэсціна, потым суд яго аштрафаваў. 

Толькі Папоўская, якая з'яўляецца пенсіянеркай, не планавала працягваць кантракт. Але і яна ўдзельнічала ў акцыях салідарнасці. 

На знак салідарнасці са звольненымі калегамі з Інстытута гісторыі звальняюцца яшчэ пяцёра — доктар гістарычных навук Уладзімір Тугай, кандыдаты навук Андрэй Мацук (ён быў арыштаваны на 13 сутак), Вадзім Аніперкаў, Андрэй Унучак, Васіль Варонін.

Пасля пададзенай заявы кіраўніцтва Інстытута гісторыі паспрабавала падкупіць гісторыкаў. "Спачатку нам прапанавалі гадавыя кантракты. Пасля таго як мы напісалі заяву аб сыходзе, то прапанавалі ажно на тры гады", — кажа Мацук.

Сем гісторыкаў звольненыя з Інстытута гісторыі, пяцёра сышлі з салідарнасці
Заява гісторыкаў на звальненне на знак салідарнасці з калегамі / TUT.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі