Сцэну опернага тэатра падзеляць на 25 мабільных пляцовак

Яна будзе не горшая за сцэну тэатра “Ла Скала”. Падлога ў мінскім тэатры оперы і балета будзе гранітнай, бо раней паркет перашкаджаў акцёрам спяваць. Сцэна беларускага тэатра оперы і балета абяцае быць лепшай у Еўропе сярод падобных сцэн. Гэта смелая заява належыць галоўнаму архітэктару комплекса па рэстаўрацыі і рэканструкцыі тэатра Анатолю Шабаліну. Да таго ж, многія задумы стваральніка тэатра Іосіфа Лангбарда, якія раней ажыццявіць было немагчыма, цяпер рэалізуюцца.

На рэстаўрацыю тэатра оперы і балета адведзена тры гады, яна завершыцца ў канцы наступнага года. Дарэчы, столькі ж часу было дадзена італьянскім дойлідам на рэканструкцыю знакамітага міланскага тэатра “Ла Скала”. Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі зусім нядаўна ў сваім інтэрв’ю згадваў “Ла Скала” і “Гранд Опера”.

У планах Міністэрства культуры адправіць туды групу беларускіх рэстаўратараў дзеля пераймання досведу. Галоўны архітэктар Анатоль Шабалін, які амаль увесь час знаходзіцца на будоўлі, пагадзіўся паразмаўляць з карэспандэнтам Еўрарадыё падчас свайго абедзеннага перапынку. Анатоль Андрэевіч, чым здзівіць нас сцэна тэатра пасля рэстаўрацыі?

Анатоль Шабалін: “Сэрца тэатра – сцэна будзе лепшай у Еўропе па тэхнічным абсталяванні. Яна будзе разрэзаная на 25 пляцовак, кожная з якіх зможа падымацца на ўзровень да трох метраў, можа нахіляцца. Яны змогуць ствараць самыя розныя эфекты — як горка, бягучая дарожка і г.д. Будзе кола, якое круціцца. То бок, не трэба будзе мець столькі кардонных дэкарацый, што захоўваюцца ў спецыяльных кішэнях, якія пажаранебяспечныя. У Еўропе, у Будапешце, ёсць падобная сцэна, там нават больш пляцовак – 75, але гэта эстрадная сцэна”.

Іосіф Лангбард, калі 70 гадоў таму задумваў свой тэатр, уяўляў на фасадзе скульптуры чатырох муз. Кажуць, пра гэтых муз дужа шмат было спрэчак. Ці праўда, што пераканаў усіх Валянцін Елізар’еў, сказаўшы, што трэба ажывіць тэатр?

Анатоль Шабалін: “Валянцін Елізар’еў сапраўды вельмі востра перажывае, як будзе выглядаць тэатр, яго інтэр’ер і экстэр’ер. І яму вельмі хацелася, каб задума Лангбарда – скульптуры – нарэшце спраўдзілася. Тры скульптуры ўжо зацверджаныя, яшчэ адну музу дапрацоўваюць”.

Сярод скульптараў быў аб’яўлены конкурс “на лепшых муз”, яго выйгралі карыфеі Генадзь Буралкін і Аляксандр Фінскі. Іх музы тэатра, музыкі і паэзіі прайшлі бясспрэчна, а музу танца дапрацоўваюць і да гэтага часу. Шмат спрэчак хадзіла і наконт падлогі тэатра. У Лангбарда быў паркет. Чаму вы ад яго адмовіліся?

Анатоль Шабалін: “Паркетную падлогу трэба раз на тры, два з паловай, а часам і два месяцы шліфаваць, начышчаць. Яна так выціраецца, што і не бачна таго паркету. Шмат якія артысты, асабліва оперныя, не могуць спяваць, калі дыхаюць лакамі. Гэта працэдура псавала працу, творчы працэс на тыдзень, два. Таму на першых ярусах цяпер будзе гранітная падлога, а ўжо на балконах, дзе менш народу, – паркетная."

Тэатр оперы і балета падзелены на тры часткі, і ў адной з іх рэпетуюць акцёры. Спадар Анатоль, як гэта магчыма і ці бяспечна?

Анатоль Шабалін: “Так, у гэтым унікальнасць гэтай рэканструкцыі: такога не было нават у “Ла Скала”. Будынак раздзелены на тры пускавыя комплексы. Не, акцёрам гэта не небяспечна. У адной частцы яны рэпетуюць, там усе працуе. Астатнія абясточаныя і г.д., там ідзе рамонт. Адна частка хутка будзе гатовая, ужо ў канцы гэтага месяца. Потым туды пяройдуць акцёры”.

Лангбард ствараў тэатр у духу канструктывізму, але ў 60-х гадах яго сказілі, бо зрабілі скатную страху. Пасля цяперашняй рэканструкцыі тэатр зноў стане сабой. Ці зменіць гэта нешта ўнутры яго?

Анатоль Шабалін: “Так, і нам гэта “на руку”. Гэта дапамагло на верхніх ярусах стварыць памяшканні, якіх востра не хапала тэатру. Гэта вытворчыя памяшканні – склады, касцюмерныя і г.д. Наверх перанеслі мастацкі цэх, а там, дзе ён быў, на пятым паверсе, будзе цяпер вялікая балетная зала, роўная гуллёвай пляцоўцы – 15х16 метраў. Адначасова змогуць рэпетаваць і балет, і оперу."

Ці сапраўды пасля нарады з Сяргеем Сідорскім хтосьці паедзе ў “Ла Скала”, і чаму менавіта туды?

Анатоль Шабалін: “Так, Сяргей Сяргеевіч сапраўды сказаў на гэтай нарадзе, што трэба абавязкова ўлічыць іх досвед. Сказаў, што трэба, каб у нас не горш. У іх была падобная рэканструкцыя, таксама за невялікі тэрмін – два з паловай гады. Будзе створаная, хутчэй за ўсё, нейкая група, якая туды паедзе."

Спадар Анатоль, нам вельмі цікава, як вы самі ставіцеся да опернага і балетнага мастацтва?

Анатоль Шабалін: “Я насамрэч вельмі люблю хадзіць у гэты тэатр. Больш люблю балет, чым оперу... Але не – і тое, і тое. Апошняе, што мяне ўразіла вельмі, гэта прэм’ера “Кармэн”. А на балет я ўвогуле хаджу па некалькі разоў, пераглядаю. Узяць, напрыклад, маладых – брата і сястру Борчанкаў: толькі на іх можна хадзіць і хадзіць… Гэта мастацтва, якое ніколі не загіне."

А хто яшчэ з вядомых людзей, акрамя прэм’ер-міністра любіць гэты тэатр? Каго вы часцей за ўсіх там бачыце?

Анатоль Шабалін: “Рэгулярна там прадстаўнікі Міністэрства культуры, міністры, іх намеснікі. Віцэ-прэм’еры. Вось цяпер Касінец быў, Дражын, Рылатка."

Відавочцам тыдня быў галоўны архітэктар комплексу па рэстаўрацыі і рэканструкцыі опернага тэатра Анатоль Шабалін. З ім размаўляла Кацярына Буланава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі