Sang Sattawod "Tree"

120504 Agljadacha.mp3

Дыск “Tree” гаражна-блюз-рокавага гурта Sang Sattawod на жаль не выйшаў на фізічным носьбіце, таму патрымаць яго ў руках нам не давядзецца. Але ён знаходзіцца ў вольным доступе ў інтэрнэце і паслухаць яго можа кожны. Нават больш, мы раім вам гэта зрабіць, бо альбом сапраўды варты ўвагі меламанаў. Праўда, трэба адзначыць, што пад музыку гурта зусім немагчыма танчыць, яна, хутчэй, падыходзіць для праслухоўвання пад кальян у паўінтымнай абстаноўцы.

Дыск пачынаецца з песні “Dark is Eyed” і яна задае агульны настрой альбома. Менавіта такія: павольныя, але драйвовыя, спакойныя але цяжкія, псіхадэлічныя, але пры гэтым блюзавыя ўсе трынаццаць трэкаў дэбютніка. Натуральна, не скажаш, што стылістычна музыкі граюць нешта новае. Сярод заходняй музыкі прыкладаў такога гучання нямала. Але самі Sang Sattawod не хаваюць сваіх, так бы мовіць, куміраў. Уплыў амерыканцаў The Mars Volta на музыку беларускага гурта відавочны: ламаныя рытмы, перагружаныя гітары... Пакуль не пачуеш голас, у некаторых момантах, нават можна пераблытаць гурты.  А ў вакале Кацярыны Усавай даволі часта заўважаеш ноткі Джэніс Джоплін, яе манеру выканання. Пагадзіцеся, гэта не горшы выбар!

Вельмі складана ацэньваць тэксты гурта, бо не ўсе словы чытаюцца. Але наўрад ці гэта пытанне звядзення, бо вакал чуваць добра, ён не забіты іншымі інструментамі. Проста Каця Усава вырашыла менавіта так падаваць матэрыял, а адукацыя ёй гэта дазваляе. Але пры гэтым узнікае вельмі моцнае жаданне пачуць і праўнаць іх цяперашняе гучанне і магчымае гучанне на беларускай мове. Хочыцца даведацца, як такая музыка будзе спалучацца з беларускай..! Хто ведае, можа калі-небудзь гэта і атрымаецца, напрыклад, з нумарам “One Way” – галоўным хітом альбома.

У гурта Sang Sattawod вельмі незвычайны склад: вакал, гітара, бубны! Але пры гэтым гучаць яны вельмі шчыльна, мясіста і цяжка. Аранжыроўкі ніяк не назавеш беднымі. Гэта не звычайныя рыфы пад класічныя рытмы. І гітарныя, і барабанныя партыі ўвесь час змяняюцца, ламаюцца, дадаюцца нейкія фішачкі. Але самае галоўнае, што гэта не дазапісаныя партыі, бо музыкі працуюць у студыі ўсе разам. То бок на канцэртах яны гучаць так жа, як і на альбоме. Але гэта не дзіўна, бо самі песні, у прынцыпе, пішуцца дзякуючы імправізацыі. То бок яны збіраюцца, граюць ды запісваюць тое, што найгралі. Потым яны праслухоўваюць усё гэта, знаходзяць цікавыя моманты і ўжо іх дапрацоўваюць.

Напрыканцы дададзім, што альбом вельмі моцны! Калі і былі ў Беларусі гурты, якія працавалі ў гэтым стылі, то яны не здолелі заявіць пра сябе так гучна. Усе песні дыску нібыта перацякаюць адна ў адну, і ствараецца ўражанне, што слухаеш рок-оперу. Агульны настрой усіх трэкаў прыкладна аднолькавы псіхадэлічна-задуменны з лёгкімі экспрэсіўнымі ўстаўкамі. Хочацца сядзець на падлозе, слухаць і пакачвацца ў такт гукам. Прычым апошні трэк “Rising Sun” (Сонца, што ўзыходзіць) перадае менавіта настрой світанку і ставіць моцную кропку ў альбоме. Нягледзячы на раптоўную коду песні, ты не чакаеш працягу, разумееш, што гісторыя, якую распавядалі музыкі Sang Sattawod на дэбютніку "Tree", скончылася!

Трэк-ліст альбома:

1.   Dark is Eyed
2.   Preacher
3.   One Way
4.   Myth-polar Continent
5.   Elephant Theme
6.   Devil Knows
7.   Hungry Rageville
8.   I Said
9.   Horses
10. Child's Highland
11. Johnny Rider
12. The Thanatonautes
13. Rising Sun

Склад гурта:

Вакал: Кацярына Усава

Гітара: Антон Гейстэр

Барабаны: Яўген Сухавей

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі