Саміт Усходняга партнёрства: Без рэзкіх дзеянняў, каб не дражніць Расію

Саміт Усходняга партнёрства, які праходзіць у Рызе, дэманструе адсутнасць адзінай лініі паводзінаў у праграме, накіраванай на інтэграцыю 6 дзяржаў былога СССР з Еўрасаюзам, піша брытанская газета The Guardian.

Перад яго пачаткам еўрапейскія чыноўнікі заявілі, што яны, як і раней, прытрымліваюцца ідэі Усходняга партнёрства. Але іх выказванні дэманструюць, што ЕС не збіраецца дражніць Расію. У Бруселі пачынаюць пераважаць настроі, значна менш ваяўнічыя ў дачыненні да Масквы, чым раней, адзначае выданне.

“Еўрасаюз ніколі не дазволіць трэцяму боку дыктаваць палітыку ў дачыненні да іншых дзяржаў. Але надалей мы будзем дзейнічаць больш асцярожна з Расіяй. Магчыма, мы былі недастаткова абачлівыя, не было дастаткова шырокага распаўсюджвання поглядаў і абмену думкамі”, — прыводзіць меркаванне аднаго еўрапейскага чыноўніка брытанскае выданне.

Эльдар Мамедаў, эксперт па замежнай палітыцы і палітычны дарадца Еўрапарламета, у інтэрв’ю латвійскаму парталу DELFI выказаў меркаванне, што ўзровень амбіцыяў рыжскага саміта значна ніжэйшы, чым віленскага ў 2013 годзе. Украіна паказала абмежаванасць магчымасцяў і палітычнай волі Еўрасаюза ў прасоўванні свайго парадку ў краінах Усходняга партнёрства. Расійскі фактар таксама абумоўлівае асцярожнасць: не будзе ніякіх рэзкіх дзеянняў, якія Расія зможа інтэрпрэтаваць як замах на свае інтарэсы.

"Максімум амбіцыяў — трымаць Усходняе партнёрства на паверхні вады да лепшых часоў. Пытанне толькі, наколькі прывабным будзе заставацца ЕС для ўдзельнікаў праекта", — адзначае эксперт.

Расійская служба ВВС піша, што ў Грузіі ў асноўным не маюць ілюзіяў наконт гэтага саміта. Хоць тут і вельмі чакаюць адмены візаў з ЕС, шмат хто мяркуе, што па выніках саміта будзе прыняты дакумент без жаданай канкрэтыкі.

Кіраўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Каха Гагалашвілі лічыць, што няпэўная пазіцыя некаторых краінаў ЕС стварыла хутчэй “ілюзію магчымасцяў” як для Грузіі, так і для Украіны.

“Цалкам лагічна, што саміт у Рызе не прынясе адчувальнага прагрэсу і не пакажа ў выніковай дэкларацыі нейкага пералому і пераходу да новага этапу збліжэння з краінамі Усходняй Еўропы”, — мяркуе дырэктар цэнтра.

Еўрапейскае выданне Euobserver піша, што падчас рыжскага саміта сапраўды не выпрацавана адно меркавання далейшай мадэлі замежнай палітыкі ЕС. Некаторыя краіны, у тым ліку Украіна і Грузія, а таксама Польшча, Швецыя і краіны Балтыі, перакананыя, што ЕС мусіць выкарыстоўваць Усходняе партнёрства для стрымлівання ўплыву Расіі.

Іншыя ж, асабліва Германія, лічаць, што ў той час як Расія мусіць прытрымлівацца мінскіх пагадненняў ва Украіне, ЕС варта пазбягаць далейшай канфрантацыі.

“Важна, каб мы пазбеглі стварэння раздзяляльных ліній на кантыненце, — сказаў неназваны высокі чыноўнік ЕС. — Мэтай Усходняга партнёрства заўсёды было стварэнне новых магчымасцяў для грамадзян. Калі нехта бачыць яе інакш, гэта не нашае бачанне палітыкі”.

Гэтая дыскусія будзе адлюстроўвацца і на працэсе распрацоўкі дэкларацыі саміта, адзначаецца ў выданні.

Саміт Усходняга партнёрства будзе праходзіць з 21 да 22 траўня. Беларусь на ім будзе прадстаўляць міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Фота: eu21global.blogspot.com/Paweł Supernak, eu2015.lv.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі