Самае бруднае паветра ў ЕС — у балгарскіх і польскіх гарадах

Еўрапейскае агенцтва па навакольным асяроддзі (EEA) ацаніла якасць паветра ў еўрапейскіх гарадах. Згодна са справаздачай, выкіды дыаксіду серы, які выклікае кіслотныя дажджы, з 2002 па 2011 гады знізіўся на 50%. Але тым не менш, у 22 еўрапейскіх краінах, сярод якіх Францыя, Італія, Балгарыя і Польшча, канцэнтрацыя цвёрдых часціц у паветры перавышае норму.

Самая драматычная сітуацыя — у Балгарыі.

“Самыя забруджаныя гарады: Пернік, Плоўдзіў, Плевэн, Добрыч і Сафія. Дрэнная якасць паветра ў сталіцы Балгарыі відавочная для кожнага, хто там жыве”, — адзначае польскае тэлебачанне TVN.

Жыхары Сафіі распавядаюць пра свае забруджаныя рукі пасля прагулкі па горадзе, падчас якой яны нават нічога не кранаюць.

Тым часам New Tork Times раіць “затрымаць дыханне” падчас візіту ў Балгарыю. Паводле амерыканскага выдання, прычына забруджвання ў Балгарыі — “савецкая індустрыялізацыя”, якая не надавала шмат увагі экалагічным пытанням. Цяпер жа адна з бяднейшых краін Еўрасаюза, не можа гэтага рабіць па фінансавых прычынах. Яшчэ адна з прычын забруджання — дровы, якімі ўсё часцей топяць дамы балгары.

“Насельніцтва пераходзіць на мясцовыя віды паліва, калі цэны на энерганосьбіты падаюцца ім высокімі”, — кажа Валянцін Фолтэскю, эксперт па якасці паветра EEA.

Не вельмі добрае паветра і ў суседняй Польшчы. Калі на першым месцы сярод гарадоў ЕС паводле забруджанасці паветра балгарскі Пернік, то ў першую дзесятку трапілі ажно 6 польскіх гарадоў! Прычым, у хуткім часе якасць польскага паветра, наўрад ці, зменіцца.

“Польшча — адзін з галоўных забруджвальнікаў у Еўропе, збіраецца выкарыстоўваць больш бурага вугалю, каб забяспечыць свае энергетычныя запасы, і, як чакаецца, будзе супрацьстаяць прызначэнню новых абавязкаў да 2015 года”, — піша Reuters.

Варта сказаць, што небяспека бруднага паветра ў тым, што з-за яго развіваюцца хваробы сэрца, рак лёгкіх, захворванні дыхальных шляхоў і іншыя. Паводле Еўракамісіі, у 2010 годзе з-за бруднага паветра ў ЕС заўчасна памерла 420 тысяч чалавек.

Фота: earthtimes.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі