Вы тут

Сальвадорскія тыянгэ: наяўныя або бартар. Ніякага біткойна

Гандляры скацінай на тыянгэ — традыцыйным перасоўным кірмашы ў Сальвадоры / elfaro.net

7 верасня Сальвадор першым у свеце афіцыйна перайшоў на біткойн у якасці нацвалюты. Для краіны, дзе, па апошнім апытанні, як мінімум 60% насельніцтва жывуць без банкаўскіх рахункаў, рашэнне спрэчнае. Сальвадор займае пятае месца па ўзроўні беднасці сярод краін Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, Больш за палову насельніцтва жывуць на 2 долары ў дзень — па класіфікацыі ААН гэта ўзровень беднасці. Нашы калегі з сальвадорскага СМІ El Faro зрабілі выдатны фотарэпартаж (да ўвядзення біткойна, але гэта не так істотна) з аднаго з найстарэйшых рынкаў краіны, дзе ніякіх біткойнаў, зразумела, — толькі наяўныя або бартар. Прычым наяўныя — гэта долары ЗША, таму што ў 2001 годзе ўрад Сальвадора адмовіўся ад эмісіі ўласных грошай.

Тыянгэ — аснова жыцця для жывёлагадоўцаў і фермераў у Сальвадоры. Перасоўныя кірмашы, дзе скаціну прадаюць за наяўныя, распаўсюджаныя ў Сальвадоры яшчэ з канца XIX стагоддзя. Тыянгэ робяць унёсак у мясцовую эканоміку, бо за продаж буйной рагатай жывёлы або каня спаганяецца муніцыпальны падатак у 2-3 долары ЗША за галаву.

Сёння дробныя вытворцы карыстаюцца гэтай прасторай для таго, каб прапанаваць сваіх курэй, свіней, індыкоў і нават сабак. Некаторыя прадаюць рабочыя інструменты або разгортваюць прылаўкі з ежай. Але ўсе ўдзельнікі гандлю цвёрда ведаюць: разлік толькі за наяўныя грошы ці натуральным абменам, па бартары. У гэтым бізнесе няма ні крэдытных картак, ні чэкаў. Яшчэ больш бессэнсоўна на тыянгэ пытацца пра біткойн, які афіцыйна стаў нацыянальнай валютай Сальвадора. Некаторыя з тых, хто гандлюе на тыянгэ, усё жыццё былі фермерамі, многія не ўмеюць чытаць і пісаць. Біткойн тут непапулярны. Агустын Рывас, 55-гадовы жывёлавод, кажа, што гэта была найгоршая памылка цяперашняга ўрада і што гэтая валюта ніколі не будзе працаваць з сельскім насельніцтвам.

Меркаванне фермера супадае з апытаннем нацыянальнага Універсітэта Франсіска Гавідыя, якое было апублікавана ў чэрвені 2021 года, за два месяцы да ўступлення ў сілу закона аб пераходзе краіны на біткойн. Шасцёра з дзесяці апытаных супраць закона. 44% лічаць, што эканоміка праз гэта можа пагоршыцца, і 56% мяркуюць, што гэты закон выгадны толькі прадпрымальнікам. Пры гэтым у 60% рэспандэнтаў няма банкаўскага рахунку, а ў 68% — банкаўскіх картак. Тыянгэ ў горадзе Сан-Рафаэль-Сэдрас, размешчаным за 50 кіламетраў ад сталіцы краіны Эль-Сальвадора, — яркі прыклад разрыву паміж лічбавай эканомікай і рэаліямі жыцця.

Кожную суботу з 6 гадзін раніцы жывёлагадоўцы, фермеры і дробныя гандляры прыходзяць на муніцыпальны рынак Сан-Рафаэль-Сэдраса, каб прадаць свіней, буйную рагатую жывёлу, курэй, сабак, коз, казлянят і нават выставачных коней. Адны прыязджаюць на грузавіках з жывёламі, другія — на грамадскім транспарце, некаторыя прыходзяць пешшу.
30-гадовы Хасэ Карнэха паказвае долары, якімі будзе расплачвацца сёння. Ён жыве ў Сан-Рафаэль-Сэдрасе і кожную суботу прыязджае з 4:30 раніцы ў пошуках найлепшых прапаноў па куплі і продажы свіней. "Тут усё аплачваецца гатоўкай. Гісторыя з біткойнам зменіць гэты бізнес, таму што адаптавацца да гэтай валюты складана", — кажа Хасэ. За дзень працы на тыянгэ ён зарабляе каля 100 долараў.
На тыянгэ адведзены месцы для розных відаў жывёл. У конным аддзеле пакупнікі і прадаўцы збіваюцца ў групы і блукаюць туды-сюды ў пошуках тавару. Іншыя сядлаюць коней для "тэст-драйву".
15-гадовы Мавэрык Санчэс, жыхар муніцыпалітэта Танакатэпэке, прыехаў сюды а 7-й раніцы, каб прыстроіць шчанюкоў. Чатыры шчанюкі, якім два з паловай месяцы — помесь пітбуля і французскага бульдога, як ён кажа. Да 9 гадзін Мавэрыку ўдалося прадаць аднаго з іх за 10 долараў. Мавэрык ведае сваю справу. З самага дзяцінства ён суправаджаў свайго бацьку — гандляра скацінай — на тыянгэ. "Сёння я прыйшоў толькі прадаваць, але магу абмяняць шчанюка і на курыцу, калі яна з вольнага выпасу".
Гандляр перавозіць статак парсючкоў, якіх купіў на тыянгэ. Ён заплаціў за кожнага па 20 долараў і цяпер паспрабуе зарабіць па 5 долараў за галаву, перапрадаючы іх на іншых тыянгэ, якія будуць праходзіць на працягу тыдня ў суседніх муніцыпалітэтах.
Кірмашы накшталт гэтага, у Сан-Рафаэль-Сэдрасе, праводзяцца і ў іншых гарадах. Удзельнікі прывозяць на продаж рабочыя інструменты, машыны, скаціну, кармы, угнаенні і сельскагаспадарчыя культуры. Гэта ўрачыстае мерапрыемства — уладальнікі ранча дэманструюць на тыянгэ свае найлепшыя боты, капелюшы і экстравагантныя каўбойскія кашулі. Мясцовыя крамкі і кавярні таксама атрымліваюць прыбытак.
60-гадовы Тэафіла Гарсія ўжо больш за 18 гадоў гандлюе на тыянгэ. Кожную суботу ён прыязджае на грамадскім транспарце са сваімі мініяцюрнымі курачкамі на плячы, за якіх просіць ад 10 да 15 долараў. Калі птушак ніхто не бярэ, Тэафіла абменьвае іх на што-небудзь. "Бывала, я мяняў курэй на коз, качак на індычак, а аднойчы абмяняў індычку на папугая", — тлумачыць мужчына.
У дзень гандлю жывёлы запаланілі пяць кварталаў вакол рынку. Іх уладальнікам даводзіцца пазначаць сваіх кароў і авечак фарбай з балончыка або звязваць вяроўкамі, каб іх не пераблыталі з жывёламі іншых гандляроў. Але блытаніна ўсё роўна скрозь і ўсюды.
Штотыднёвая сходка фермераў з усёй краіны дазваляе зарабіць шмат якім дробным гандлярам. Пасярод натоўпу размясціўся прадавец інвентара: вяроўкі, нажы, мачэтэ, прынады, гумовыя боты і капелюшы. Простыя, але неабходныя інструменты ў паўсядзённым жыцці фермераў-жывёлагадоўцаў.
15-гадовы Хасуэ Кастра гандлюе скацінай. Кожную суботу ён прыязджае сюды з бацькам. Хасуэ жыве ў вёсцы каля Сан-Рафаэль-Сэдраса і выкарыстоўвае выходныя, каб зарабіць прыкладна 40 долараў, якія пакрываюць яго тыднёвыя расходы ў школе.
"Ну што, не бярэш? Я ўжо сказаў, колькі магу даць", — кажа Вільбер (другі злева) прадаўцу, які ходзіць са сваёй казой па ўсім тыянгэ. "Іншы табе дасць 35 долараў", — паўтарыў мужчына. Прадавец не згаджаецца: "Не, і ты ведаеш чаму: днямі ты мне недаплаціў. Накінь яшчэ пяцёрку, калі хочаш браць". Для 30-гадовага Вільбера ў тую раніцу здзелка не адбылася, і ён працягнуў шукаць новыя прапановы, як ён гэта робіць кожную суботу. Апошнія 10 гадоў ён ездзіць па кірмашах у розных гарадах з пачкам наяўных грошай, спрабуючы зарабіць на перапродажы скаціны. Пра новую валюту яму сказаць няма чаго. "Паняцця не маю, што за біткойн, нават не ведаю, што вам адказаць. Мы не ведаем, як мы будзем яго выкарыстоўваць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.