Сабачае жыццё “дома з дабрабытам”: прэм’ера Свабоднага тэатра

Сабачае жыццё “дома з дабрабытам”: прэм’ера Свабоднага тэатра

У невялічкім паўпадпольным памяшканні “Свабоднага тэатра” на ўскрайку Мінска з аншлагам адбыліся дэбютныя паказы новай п’есы “Дабрабыт”. Камедыя з налётам сур’ёзнасці распавядае простую гісторыю звычайнага дома і адносін суседзяў, а таксама гісторыю “33 няшчасцяў” звычайнага чалавека.

Аўтарка твора — драматург Марыя Бялковіч. Яна прызнаецца, што ідэя напісаць пра нешта простае жыла ў галаве некалькі гадоў. Пакуль, нарэшце, не нарадзілася гэтая п’еса, якую паставілі ўсяго за пару месяцаў. Рэальным прататыпам стаў звычайны дамавы чат у Viber, а большасць герояў ды гісторый — сапраўднныя. Хоць імёнаў і няма.

І глядач верыць у гэтую гісторыю. Такія звычайныя і зразумелыя гісторыі для кожнага, хто жыве ў вялікім горадзе — “гулянкі” і п’яныя песні да раніцы, скрыпучы стул, вечны рамонт недзе за сценкай, сусед, які паліць так часта, што пах тытуню адчуваюць усе суседзі, сабака, які няспынна брэша. І паспрабуйце сказаць, што не сутыкаліся хоць з нечым з гэтага спісу.

Сабачае жыццё “дома з дабрабытам”: прэм’ера Свабоднага тэатра

Аднак толькі домам усё не заканчваецца. Сюжэт усяго за 55 хвілін праводзіць нас праз іншыя “прыгоды” звычайнага мінчука — ад нахабства міліцыі і бабулек, якія бурчаць у аптэках, да алкаголікаў на раёне і таксістаў, якія лепш за усіх ведаюць, як кіраваць дзяржавай і што будзе рабіць Пуцін. І гэта смешна. Пакуль не прыходзіць разуменне, што гэта ўсё не толькі тэатр, але і рэальнасць, над якой з-за тэмпу жыцця не паспяваеш задумацца. І вось тады становіцца ўжо неяк не вельмі весела, бо, як кажуць, “даганяе”.

Дарэчы, сабака і сабачае жыццё становяцца фактычна цэнтральнай думкай п’есы. Не, гэта не пра абарону жывёл, а пра непаразуменне. Пра нянавісць і злосць, пра нейкую ісціну, якую людзі не здольныя ўбачыць. Тут жа з’яўляецца і самы незвычайны персанаж — Бог, які нібыта абараняе менавіта чацвераногіх сяброў чалавека. Але гэта не Бог жывёл. Хто гэта, кожны павінен прыдумаць для сябе сам, бо “Бог адзіны”. Прынамсі, менавіта так кажа гэты самы Бог.

І менавіта сабачым выццём заканчваецца п’еса. Галоўная гераіня проста апускаецца на калені і пачынае выць, гэтак жа горка і эмацыйна, як пакінуты ўсімі сабака. Ад бяссілля, ад маразму, ад болю і безвыходнасці. А апошняя сцэна ўвогуле пераўтварае ўсіх жыхароў у гэтых самых сабакаў. І раптам усё змяняецца.

Пасля таго, як святло на імправізаванай сцэне “Свабоднага тэатра” гасне, яшчэ некалькі секунд вісіць цішыня. Яна б вісела і болей — трэба шмат часу, каб вынырнуць з сябе пасля разумення таго, што бачыш уласнае жыццё на сцэне. Апладысменты доўга не сціхаюць. Прынамсі, інакш глядач не можа выказаць свае думкі.

А таблічка “Благополучный дом” і далей будзе вісець каля пад’езда гэтага нявыдуманага дома. Наўрад ці нехта нешта зменіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі