Руслана патрабуе бізнэс-авіяпералёт, а "Lordi" -- талковага піратэхніка

У панядзелак у Палацы спорту нарэшце вызначыцца прадстаўнік Беларусі на “Еўрабачанні-2008”. За права ўдзелу ў прэстыжным конкурсе будуць змагацца Руслан Аляхно, Gunеsh, гурты "Litеsоund" i "По глазам". Дарэчы, трапіць на гэтае мерапрыемства можна будзе толькі па запрашэннях. Ніякіх квіткоў на шоў не прадаецца. Акрамя ўдзельнікаў фіналу на канцэрце будуць выступаць пераможцы Еўрабачання мінулых гадоў. Заяўлены такія удзельнікі, як пераможца “Еўрабачання-2003” турчанка Сербат Эрэнер, пераможца 2004 года Руслана, гурт “Lordi”, які заняў першае месца ў 2006-ым, і ўдзельніца “Еўрабачання-2005” Наталля Падольская.

Летась, калі запрошанымі гасцямі былі Дзіма Білан і Піліп Кіркораў, фінал адборачнага тура абышоўся Белтэлерадыёкампаніі прыблізна ў 200 тысяч долараў. Па словах Аляксандра Ціхановіча, сёлета сума не будзе меншай, чым у мінулым годзе дакладна”.

На што, акрамя ганарараў, зоркам будуць выдаткоўвацца грошы арганізатараў? Зразумела, што ў кожнай з зорак існуюць свае патрабаванні. Выканаўчы прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Дзмітры Баранаў распавёў Еўрарадыё, што, напрыклад, у райдэры Русланы абавязкова значыцца бізнэс-авіяпералёт, а вось яе калектыў паляціць у эканом-класе. Таксама для сябе спявачка патрабуе машыну прадстаўнічага класу, апартаменты ці люкс у гатэлі не ніжэй за 4 зоркі. Яе суправаджэнне павінна жыць таксама ў гэтым гатэлі, аднак ужо ў аднамесных ці двухмесных нумарах.

Такія ж патрабаванні і ў Наталлі Падольскай.

А вось у турчанкі, па словах Дзмітрыя Баранава, прысутнічала пару акалічнасцяў:

“У Сетаб, прадстаўніцы Турцыі, у патрабаваннях ужо прысутнічаюць нюансы, якія паказваюць, што спявачка прыедзе да нас з цёплай паўднёвай краіны. Напрыклад, яна клапоціцца пра тое, каб у яе люксе абавязкова быў халадзільнік і кандыцыянер. Таксама ў яе машыне павінна быць 5 бляшанак звычайнай кока-колы, 5 бляшанак дыетычнай і 5 літраў вады без газаў. Абавязкова наяўнасць асобнай грымёркі, дзе на падлозе павінен быць дыван. Аднак у ежы асаблівых патрабаванняў не было”.

У фінскага гурта “Lordi” моцны акцэнт робіцца на тэхнічныя патрабаванні. Вялікую ўвагу яны надаюць светлавым і піратэхнічным эфектам. Клапоцяцца музыкі і пра якасць гуку.

Нягледзячы на ўсе запатрабаванні, арганізатары запэўнілі, што ўсё ўжо падрыхтавана, і ніякіх праблемаў узнікнуць не павінна.

Дарэчы, абяцанага майстар-класа для фіналістаў у гэтым годзе не было. Свае нумары музыкі рыхтавалі самастойна. Па словах Аляксандра Ціхановіча, сёлета праводзіць майстар-клас немэтазгодна:

“Мы не рабілі майстар-клас у гэтым годзе, бо вырашылі зрабіць майстар-клас у поўным аб’ёме для канкурсанта, якога адбяруць 21-га на ўдзел у Еўрабачанні. Мы прааналізавалі сітуацыю мінулага года і вырашылі, што гэта немэтазгодна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі