"Рухаеце па фабуле": ЗАПІС, як у мінскім РУУС афармляюць "палітычных"

РУУС Цэнтральнага раёна / Яндэкс.Карты
РУУС Цэнтральнага раёна / Яндэкс.Карты

У распараджэнні Еўрарадыё апынуўся запіс, зроблены 14 ліпеня ў Цэнтральным РУУС Мінска. На тэлефоне, адабраным у аднаго з затрыманых, працаваў дыктафон. Ён запісаў, як міліцыянеры дамаўляюцца паміж сабой афармляць людзей, схопленых падчас пратэставых акцый.

Журналісты Еўрарадыё Міхась Ільін і Арцём Маёраў таксама апынуліся ў аддзяленні міліцыі. Яны памятаюць, што спачатку адвялі ў памяшканне, якое нагадвае навучальны клас. Праз некаторы час іх перавялі ў чыйсьці працоўны кабінет. Магчыма, у "навучальным класе" ў гэты момант праходзіў інструктаж супрацоўнікаў РУУС, запіс якога нам перадалі. У канцы ім загадваюць рассесціся праз адно сядзенне і пачаць афармленне затрыманых.

На адным са сталоў у памяшканні заставалася камера журналістаў "Радыё Свабода". У пачатку запісу чуваць, як нехта пытаецца: "Яна выключана, вы ўпэўненыя?"

Сам інструктаж пачынаецца словамі: "Так, завалілі ўсе хлебарэзкі". Паслухайце, як нас абмяркоўваюць і афармляюць міліцыянеры:

 

"Значыць так, глядзіце, афармляем каля 25 чалавек. Восем чалавек афармляем 23.34 [за ўдзел у масавым мерапрыемстве. — Еўрарадыё] і зверху 23.4 [за супраціў пры затрыманні. — Еўрарадыё]. Гэта на восем чалавек, якія паедуць на ЦІП". Якім чынам "раздаюцца" артыкулы? "Значыць, два чалавекі ўжо тут былі, і, адпаведна, шэсць дададзім".

Па запісе можна зрабіць выснову, што "фабула" пратакола падрыхтаваная загадзя. "Ваша задача: складаем пратакол пад гэту фабулу, — кажа той, хто праводзіць інструктаж. — Калі час затрымання не трапляе дзесьці, тады, адпаведна, рухаеце па фабуле".

Падчас "раздачы прозвішчаў" міліцыянеры называюць затрыманых бандытамі. Напрыклад, "твой бандыт — Крывіцкі Павел". Гэты "бандыт" на наступны дзень атрымаў у судзе Цэнтральнага раёна 10 сутак арышту.

— Кулагін Ягор — гэта Сайфуліна.
— Хто ў мяне?
— Кулагін Ягор. Так, Кудравец, як твайго прозвішча?
— Міша запісваў, я не ведаю.
— Міша, адбой. Давай сваіх, якое прозвішча ў тваіх? Стром і Шпакоўскі.
— Шпакоўскага гэта гэты, б*дзь, Сайфулін, на*й, гэта яго крэда, б*дзь.
— Карацей, мне Шпакоўскага?
— Шпакоўскі, значыць, Сайфулін. Стром другі?
— Шпакоўскі які ў цябе?
— Ідзі, вунь стаіць за дзвярыма, спытай хуценька.

Мата на запісе параўнальна мала. Меркаванне супрацоўнікаў пра тое, што адбываецца: "Як у школе. Як на кантрольнай па рускай ці англійскай".

Міліцыянеры задавалі шмат пытанняў. "Не, пацаны, ён мог затрымлівацца праз дзве гадзіны. Ён у шэсці там ішоў, а затрымалі яго праз гадзіну", — тлумачыць нехта, чаму ў "фабуле" трэба мяняць час затрымання. Гэта значыць, людзей затрымліваюць, калі пратэставая акцыя даўно скончылася. А "фабула" на ўсіх адна.

Інструктаж заняў каля 15 хвілін. Потым пачалі прыводзіць затрыманых з двара і афармляць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі