Рух "За Свабоду" афіцыйна адмовіўся выстаўляць кандыдата на выбары

Зранку 2 красавіка рух "За Свабоду" заявіў, што адмаўляецца выстаўляць свайго кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2015 года. Таксама арганізацыя заявіла, што не будзе падтрымліваць ніякіх іншых кандыдатаў.

Прычынамі называецца адсутнасць "кансалідацыі дэмакратычных сілаў Беларусі ў імя незалежнасці, дэмакратыі, рынкавай эканомікі і еўрапейскага выбару". Рух "За Свабоду" мяркуе, што паход на выбары асобнымі калонамі дэзарыентуе прыхільнікаў пераменаў і паглыбіць апатыю ў грамадстве. А імітацыя ўдзелу ў выбарчым палітычным працэсе з загадзя прадказальным фіналам можа адштурхнуць людзей ад дэмакратычных сілаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў лідар Руху Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч: “У нашай краіне няма рэальных выбараў. Нас дэманстратыўна няма ў выбарчых камісіях. У такіх выбарах варта ўдзельнічаць толькі тады, калі ты можаш падняць настроі ў грамадстве”.

Арганізацыя заяўляе, што будзе распрацоўваць прапановы эканамічных рэформаў у рамках “Народнай праграмы”, зоймецца ініцыятывай дзеля мірных пераменаў “Народны рэферэндум”, а таксама кампаніями па назіранні за выбарамі і за вызваленне палітвязняў.

Нагадаем, што напярэдадні ад удзелу ў выбарах афіцыйна адмовілася грамадзянская кампанія "Наш дом".

Рух “За Свабоду” можа адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах

Вольга Карач: У выбарах не ўдзельнічаем, бо яны проста тэхнічны момант

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі