РСП прэзентавалі новы альбом: “здраствуй **па пасярэдзіне Еўропы”

Рэліз пласцінкі пад назвай “Не налівай!” адбыўся акурат у дзень канцэртнай прэзентацыі – 22 сакавіка, якая выклікала ў публікі зайздросны ажыятаж.

Зала Рэактара была даволі шчыльна забітая публікай, прычым, як высветлілася, творчасць РСП нарэшце ацанілі сапраўдныя “пацаны” – яны займалі некалькі столікаў на другім ярусе клуба, свісталі ў спартовы свісток, звешваючыся праз парэнчы ледзь не да першага паверху і пасля кожнай песні настойліва патрабавалі сыграць ім “Розавы закат”.  

Канцэрт пачаўся з сюрпрызу – прэм’еры песні “Смаргонь”. Яе музыкі РСП прыдумалі ў ЗША і выканалі ў якасці падарунка слухачам за тое, што гурт так доўга нідзе не граў і не паказваўся. Песня раней нідзе не гучала і на новым альбоме яе таксама не будзе. Прыпеў выглядае вось так:

“Прабуждзеніе прыходзіт, наслаждзеніе уходзіт

Ты праснуўся – здраствуй **па пасярэдзіне Еўропы”

 

Падчас канцэрту Разбітае сэрца пацана сыгралі свае лепшыя танцавальныя хіты, і цалкам прэзентавалі новы альбом. Некаторыя песні з дыска “Не налівай!” гурт выконвае ўжо не першы год, як, напрыклад, загалоўную “Не налівай!”, трапіла на альбом і кампазіцыя “walli-e”, на якую быў зняты вельмі “адкрыты” відэакліп.

Дарэчы, што тычыцца відэа, канцэрт суправаджаў вельмі арганічны відэашэраг, які праецыраваўся на “заднік” сцэны. Відэа было сканструяванае з розных мултыплікацыйных урыўкаў і кліпа РСП. Як паведамілі удзельнікі гурта, відэашэраг зрабіў Макс Сіры. Прычым Паша Гарадніцкі запэўніў, што Макс намаляваў гэта ўсё сам.

Стылістычна музыкі азначаюць свой альбом як “пост-панк-порна-грайнд-цежаляк з элементамі манавара і прыгожыя танцы”. Як адзначыў Павел Гарадніцкі, ва ўсёй гэтай муз-мяшанцы засталося менш месца для кахання:

“Калі сур’ёзна, на новым альбоме стала менш песень пра каханне, пра пачуцці і разбітыя сэрцы. Менш кахання значыць стала.”                                                                                                                                                   Кахання менш не стала, яно стала іншым.                   

Гітарыст і вакаліст гурта Дзяніс таксама вельмі сур’ёзна адзначыў, што гэтага самага высокага пачуцця не паменела, а проста змянілася стаўленне да яго:

“Кахання менш не стала, яно стала іншым. Мы сталі ставіцца да гэтага інакш. Калі раней мы ставіліся да няшчаснага кахання сапліва і слязліва, то зараз жорстка і па-мужчынску. Нават з непрыманнем усяго гэтага. Мы супраць няшчаснага кахання!”

 

У сваю чаргу, верныя прыхільнікі гурта не заўсёды звярталі ўвагу на такія інтымныя рэфлексіі яго ўдзельнікаў, але адназначна заўважалі, што ў новай праграме стала больш музыкі.

Прыхільніца Наталля кажа: “Стала больш музыкі. Музычнага складніку – нашмат больш. Музыка стала больш яскравай. Калі раней гэта было проста як на прыступках у пад’ездзе “С прічала рыбачіл апостол Андрей”, толькі іншыя тэксты, то зараз музыка стала больш разнастайнай”.

Немагчыма абмінуць тое, дзеля чаго многія і ходзяць на канцэрты гурта “Разбітае сэрца пацана” – танцавальна-пластычны калектыў “ЭВМ”. Гэтым разам дуэт адцягваў увагу гледачоў ад танцаў тройчы змяніўшы гарнітуры. Стылістычна, “ЭВМ”засталіся бездакорна вернымі сабе і радзіме, выбраўшы для выступлення чырвоны і зялёны колеры, а таксама колер фуксіі, які рэкамендуюць усім, хто прытрымліваецца модных тэндэнцый, насіць у любым сезоне:

“Як у мінулым, так і ў гэтым, так і у любых сезонах будзе модны колер фуксіі. Ну, і чырвона-зялёны – гэта класіка. Але ў асноўным – фуксія. Фарбуем усе вусны, пазногці, апранаемся, ідзем на вечарынкі – як мінімум, усе глядзець будуць.”

А модныя выкрайкі “ЭВМ” рэкамендуе выразаць з часопіса “Гаспадыня”: “Галоўнае – каб попачка была адкрыта, каблучкі павышэй, ножкі агаліць, і галоўнае – прадахраняцца трэба!”

Прагнучы танцаў і вяселля, публіка двойчы выклікала “Разбітае сэрца пацана” на біс. Супраць трэцяга разу верагодна, запратэставалі супрацоўнікі клубу. Бо пасля канцэртаў у Рэактары праходзяць дыскатэкі і, дарэчы, новыя прыхільнікі РСП – “пацаны” з другога паверху са свістком, маглі б застацца яшчэ і на дыскатэку, яднаючы такім чынам “пацанскія” сусветы ў адну рэчаіснасць. А “пацаны з разбітым сэрцам”, падаецца, сталі больш “рэальнымі”. Пасля канцэрту застаецца адчуванне, што гэта ўжо не проста вясёлая дэнс-клаўнада, музыкі сапраўды стала больш.

Фота: Gluctim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі