Rock’n’Rave 2015: на шасці танцполах і для ўсёй сям’і

11 ліпеня ў загараднай сядзібе "Камарова" пад Мінскам пройдзе маштабны оўпэн-эйр-фестываль "Rock’n’Rave 2015" з шасцю танцполамі, на якіх будуць граць рок-гурты і ўсемагчымыя дыджэі.

Па словах арганізатара фэсту Паўла Някрасава, ідэя "Rock’n’Rave" узнікла яшчэ ў 2012 годзе, пасля таго, як прайшоў першы "I need Fest". Цяпер кампанія на чале з Някрасавым збіраецца прадэманстраваць дарослы падыход да івента і запрашае на яго тусоўшчыкаў разам з сем'ямі.

"Мы вырашылі замацаваць поспех "I need", але толькі пасярод лета і пад адкрытым небам з мноствам танцполаў, выканаўцаў, музыкай на любы густ і вялікай тусоўкай, — распавядае Някрасаў. — Фэст, які будзе сёлета, мы захацелі зрабіць па-даросламу, то бок, дадаць маркеты, фуд-корты, прыцягнуць дызайнераў і зрабіць дзённую частку, каб наведаць фэст маглі не толькі начныя тусоўшчыкі, але і іх сем'і: каб не толькі “трэш і ўгар” у нас быў, але і нейкая культурная праграма перад пачаткам “трэшу і ўгару".

Праграма "Rock’n’Rave 2015" пачнецца з акустычных выступаў і лёгкага року, і па меры наступлення вечара будзе цяжэць, грамчэць і выл'ецца ў выступ зорак фэсту — гуртоў  “Дай Дарогу!” і Akute. Калі ж на "Rock’n’Rave" апусціцца ноч, на жывой сцэне пачнуцца сэты цяжкіх гуртоў: Aspirin Rose і The Burner. Сярод іншых удзельнікаў жывой сцэны — Harotnica, Mustelide, Hermits (ex. Color Kings), Yuppies Indeed, The Ghost Pub, Ride Too Slow. Паўзы паміж выхадам музыкаў будуць запаўняць дыджэі.

Дыска-пікнік — другая па значнасці зона фэсту пасля Live Stage, якая пачне сваю працу, як і жывая сцэна, у 15.00. Менавіта там аматары цікава апрануцца знойдуць маркет “оpen шаф”, жадаючыя падмацавацца — фуд-корты, прагныя да водных працэдур — басейн.

“Так што, можна будзе слухаць любімую музыку, не выходзячы з басейна”, — жартуе Павел і дадае, што публіка на Rock’n’Rave не толькі забаўляецца, але і пашырае свой кругагляд. Бо наўрад ці аматар “Дай Дарогу!” пойдзе адмыслова слухаць тэхна, а заядлы электроншчык — мяккую і рамантычную музыку ад Ride Too Slow. Атрымліваецца, што за адну ноч наведвальнікі змогуць пабываць не ў адным, а ў 3-4 клубах!

Пасля 20.00 на фэсце пачнуць працаваць танцполы. Чакаецца Groove Stage з фанкам, соўлам і хіп-хопам ад Stwone, Sunny Smiles, Sergienya і іншых, DnB stage, як заўсёды на "Rock’n’Rave", прадстаўленая моцным складам, — з 10-цю дыджэямі, сярод якіх Hatskip, Mad Mouse, Red Catz, — яны будуць граць да 5-й раніцы, Drink’n’Dance Stage (да таго, як пачнуць выступаць дыджэі, на танцполе адбудзецца рок-н-рол-караоке без песень Алы Пугачовай, але з крутымі і любімымі рок-, метал-, дыска-хітамі і нават Юрыем Антонавым) і La Terazza Techno stage — “для тых, хто старэйшы і любіць тое, што даражэйшае”.

Тыя, хто баіцца спёкі, змогуць схавацца ў шатрах, пад навесамі і вялікімі парасонамі. Галодным таксама ніхто не застанецца — на фэсце будуць працаваць шматлікія гандлёвыя кропкі і кавярні. Аматары “пастраляць” знойдуць для сябе 8 пейнтбольных пляцовак ад клуба 067.by. Таксама можна будзе пакатацца на квадрацыклах, паспрабаваць сябе на скаладроме, пераадолець паласу перашкод, узяць удзел у шматлікіх гульнях і квэстах.

Дабрацца да "Rock’n’Rave 2015" зусім нескладана. “Камарова” знаходзіцца ўсяго ў пяці кіламетрах ад Мінска, да фэсту будуць курсіраваць аўтобусы. “Гіганскія МАЗы” да шостай раніцы будуць адвозіць аматараў рока і рэйва ў горад. Да таго ж, на фэсце будзе камфортна размясціцца аўтамабілістам (ёсць паркоўка”) і раварыстам — для іх будзе працаваць не толькі паркоўка, але і “хуткая дапамога для ровараў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі