Рэйтынг Таццяны Караткевіч параўнальны з рэйтынгам Някляева ў 2010 годзе

Рэйтынг Таццяны Караткевіч параўнальны з рэйтынгам Някляева ў 2010 годзе

За Таццяну Караткевіч гатовыя прагаласаваць 17,9% выбаршчыкаў. Такія звесткі дае паводле вераснёўскага апытання грамадскага меркавання Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), зарэгістраваны ў Літве. Нечакана? А давайце параўнаем рэйтынгі альтэрнатыўных кандыдатаў на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах.

Глядзім дадзеныя таго ж НІСЭПД за жнівень 2001 года. Тады, паводле закрытага апытання за месяц да выбараў, за Сямёна Домаша гатовыя былі прагаласаваць 12,1% апытаных, за Уладзіміра Ганчарыка — 11,4%. Для параўнання: сёння за Сяргея Гайдукевіча гатовыя аддаць свае галасы таксама 11,4% апытаных.

Выбары 2006 года: за адзінага кандыдата ад апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча выказалася 16,5%, за Аляксандра Казуліна — 6,4%. У снежні 2010 года, за два тыдні да выбараў, рэйтынг Уладзіміра Някляева быў 18,4%, Андрэя Саннікава — 9,9%.

Адставанне Таццяны Караткевіч ад свайго колішняга кіраўніка па кампаніі “Гавары праўду” складае ўсяго 0,5%. Праўда, варта не забывацца на адну вельмі важную акалічнасць: калі ў выбарчую кампанію Уладзіміра Някляева ўкладаліся вялізныя грошы, то кампанія Караткевіч праз мізэрны бюджэт праходзіць практычна незаўважна — няма ні шумных пікетаў Някляева, ні яго ўлётак на кожным слупе і ў кожнай паштовай скрыні. Чым бярэ выбаршчыкаў Таццяна Караткевіч, за кошт чаго такі рэйтынг?

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі робіць папраўку: апытанне праводзілася да тэлевізійных выступаў кандыдатаў. І прагназуе, што сёння рэйтынг Таццяны Караткевіч, імаверна, нават вышэйшы за 17,9%, бо выступы ў яе “былі даволі ўдалымі”. Плюс на карысць Караткевіч працуе жаданне беларусаў бачыць “новы твар”, кажа эксперт.

“Прычым не абцяжараны шлейфам паразаў, як пэўныя персоны з традыцыйнай апазіцыі. І тое ж апытанне НІСЭПД паказвае, што за нейкага моцнага, ідэальнага тэарэтычнага саперніка Лукашэнкі гатовыя прагаласаваць больш, чым за самога Лукашэнку. Фактычна, гэта формула адзінага кандыдата: вось калі б дамовілася апазіцыя, то адзіны кандыдат апрыёры зграбаў бы ўвесь пратэстны электарат, плюс частку “балота”, і рабіўся б такім чынам грозным канкурэнтам”.

На думку палітолага Юрыя Чавусава, сакрэт поспеху Таццяны Караткевіч выключна ў тым, што яна — адзін кандыдат дэмакратычнага кшталту на гэтых выбарах. Што аўтаматычна робіць яе адзіным кандыдатам ад апазіцыі, хоць афіцыйна яе апазіцыя такім статусам і не надзяляла.

Чавусаў: “І па ўмаўчанні спадарыня Караткевіч забірае большасць шырокага кола дэмакратычна настроеных выбаршчыкаў. Насуперак агітацыі супраць яе, якая ажыццяўляецца самімі дэмакратычнымі партыямі і аб’яднаннямі”.

Рэйтынг Таццяны Караткевіч параўнальны з рэйтынгам Някляева ў 2010 годзе

Апытанне НІСЭПД паказвае, што за нейкага моцнага, ідэальнага тэарэтычнага саперніка Лукашэнкі гатовыя прагаласаваць больш, чым за самога Лукашэнку. Фактычна, гэта формула адзінага кандыдата.

Аляксандр Класкоўскі

Ну і не трэба забывацца на каманду Таццяны Караткевіч. Адна прысутнасць Сяргея Чалага, што здабыў папулярнасць сваімі праграмамі “Эканоміка на пальцах”, чаго вартая!

“Каманда Караткевіч працуе дастаткова тэхнічна. Калі адкінуць ярлыкі, якія лепяцца на “шэрага кардынала” Андрэя Дзмітрыева, то бачныя добры менеджмент, добрае карыстанне паліттэхналогіямі і заўважны прагрэс у самой Караткевіч, якая ў пачатку панікавала перад камерамі, а цяпер усё больш упэўнена выглядае”, — заўважае Класкоўскі.

І не трэба забывацца і пра пэўную стомленасць беларусаў ад нязменнага за 20 гадоў кіраўніка краіны, і пра кепскую эканамічную сітуацыю ў краіне, і пра зніжэнне даходаў насельніцтва.

Даволі высокі рэйтынг напярэдадні выбараў — гэта, безумоўна, добра і самому кандыдату прыемна. Але што гэта значыць для палітычнай будучыні і самой Караткевіч, і краіны ўвогуле? Ну што ў гэтым сэнсе даў, да прыкладу, высокі перадвыбарчы рэйтынг Някляева? Паводле ЦВК ён атрымаў на выбарах 1,78% галасоў, а сёння і ўвогуле практычна сышоў з “вялікай палітыкі”…

Аляксандр Класкоўскі: “Могуць занізіць вынік галасавання за Караткевіч. Ну і далейшыя нейкія планы “Гавары праўду” на тое, што ў 2016 годзе ім можа пашэнціць атрымаць некалькі месцаў у парламенце, — яны таксама прывідныя, бо Лукашэнка не аматар тонкай гульні на ўнутрыпалітычным полі, нават калі гаворка ідзе пра абмежаваную, кіраваную ці кішэнную дэмакратыю”.

Якую лічбу напіша ЦВК насупраць прозвішча Караткевіч па выніках выбараў — неістотна, упэўнены Юрый Чавусаў. Маўляў, лічбы Лукашэнкі і альтэрнатыўнага кандыдата будуць непараўнальныя. Як і на трох папярэдніх выбарах. Але…

“Лічбы, агучаныя НІСЭПД, прымушаюць задумацца: “А які будзе расклад у апазіцыйна-дэмакратычных колах пасля выбараў?” І выглядае на тое, што вайна ўнутры апазіцыі, калі ўсе аб’ядналіся супраць самага папулярнага палітыка падчас гэтых выбараў, мае шанцы працягнуцца і пасля прэзідэнцкай кампаніі”.

Дзеля цікавасці параўнаем рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі напярэдадні згаданых выбараў: у 2001 годзе — 47,8%, у 2006 — 58,6%, у 2010 — 35,2%, у 2015 — 45,7%.

Фота: Змітра Лукашука

Рэйтынг Таццяны Караткевіч параўнальны з рэйтынгам Някляева ў 2010 годзе

І выглядае на тое, што вайна ўнутры апазіцыі, калі ўсе аб’ядналіся супраць самага папулярнага палітыка падчас гэтых выбараў, мае шанцы працягнуцца і пасля прэзідэнцкай кампаніі

Юрый Чавусаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі