Злачынная групоўка беларусаў абкрадала аўтамабілі ў Польшчы
Злодзеі з Беларусі дзейнічалі каля мясцовасці Слубіцэ, недалёка ад польска-нямецкай мяжы.
На гэты момант паліцыя затрымала двух мужчынаў, адному 26, другому 40 гадоў, паведамляе zielonagora.gazeta.pl
Злодзеі дзейнічалі па адной схеме, спачатку ўстаўляючы ў кола жалезны шып. Найчасцей гэта адбывалася на аўтамабільных запраўках, калі кіроўцы на непрацяглы час адыходзілі ад сваіх аўта. Калі ж машына пачынала рухацца, у яе праз некалькі кіламетраў пачынала спускаць кола. Увесь гэты час зламыснікі ехалі за аўтамабілем сваёй ахвяры. Калі ж кіроўца спыняўся замяніць кола, то найчасцей пры гэтым не закрываў дзверы аўтамабіля.
Гэтым і карысталіся злодзеі, якія кралі з салонаў барсеткі з дакументамі і грашыма. Часта ахвярамі беларусаў станавіліся кіроўцы, якія ехалі набываць аўтамабілі ў Нямеччыну. Таму беларусам удавалася скрасці даволі шмат.
Злодзеі абвінавачваюцца ў 7 крадзяжах. Сваю віну яны прызналі. Аднак магчыма, што падчас следства будуць выяўленыя новыя выпадкі злачынстваў. Беларусы змешчаныя пад папярэднюю варту на 3 месяцы.