Журналіст пазбавіў прэміі магілёўскіх міліцыянтаў
Пасля скаргі Уладзіміра Лапцэвіча міліцыянтаў ізалятара часовага ўтрымання ў Магілёве пазбавілі прэміі.
Журналіст БелаПАН паскардзіўся ў пракуратуру, што адбываў адміністрацыйны арышт у адной камеры з раней асуджаным.
Праверка пракуратуры выявіла факт парушэння заканадаўства. Паводле закону несудзімых грамадзян і асоб, якія маюць судзімасць, трэба ўтрымліваць у розных памяшканнях. Пасля праверкі інспектары-дзяжурныя ізалятара Казакоў і Балсун былі пазбаўленыя прэміі.
Лапцэвіч кажа, што не ставіў за мэту адпомсціць супрацоўнікам ізалятара. Па яго словах, калі яны не ведаюць заканадаўства, не валодаюць беларускай мовай, то навошта ўвогуле ізалятару такія некампетэнтныя супрацоўнікі.
Нагадаем, што міліцыянты затрымалі журналіста 25 сакавіка на Дзень Волі. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыянтаў. Лапцэвіча асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту.