Здымкі з канцлагера і кулямёт больш за ўсё зацікавілі Кадафі ў Мінску

Муамара Кадафі пахавалі ў невядомым месцы пасярод пустыні. Еўрарадыё ўзгадала, што пасярод Мінску застаўся аўтограф і здымак забітага лівійскага лідара.


Першае месца, якое ён наведаў у 2008 годзе ў Мінску, быў музей Вялікай Айчыннай вайны. Кадафі цікавіла гісторыя вайны, і для яго загадалі арганізаваць экскурсію. Праводзіў яе дырэктар музея і загадчыца аддзела экскурсаводаў Ірына Казей.


З таго часу ў музеі захаваўся здымак, які супрацоўнікі называюць ракавым. На здымку Кадафі разам з экскурсаводам — і абодва ўжо не жывыя. Трэці чалавек на здымку — дырэктар музея, які пра прыезд лівійскага лідара нават узгадваць не захацеў: маўляў, не было ў нас ніякага Кадафі.


"Вось гэты здымак, ён захаваўся, — распавядае супрацоўніца музея. — Вось яна праводзіла, якая ўжо не жывая. Вось такі ракавы здымак у нас".


Гавораць, што жанчыну таксама забілі. Але падрабязнасці супрацоўнікі музея ўзгадваюць з неахвотай, гавораць, што сямейная трагедыя.


"Была каманда прыняць яго, — гаворыць экскурсавод Уладзімір Фалецкі. — Праводзіла экскурсавод, загадчыца аддзелам Казей Ірына Паўлаўна. Яе, на жаль, ужо няма ў жывых. Там сямейная трагедыя адбылася".


У музеі Кадафі вельмі зацікавіўся планам нямецкага наступлення "Барбароса" і планам савецкай абароны ў пачатку вайны. А таксама зброяй беларускіх партызанаў — кулямётам "Максім", пра які прасіў распавесці падрабязней.


Здымкі людзей з канцлагера і расстраляных ды павешаных фашыстамі партызанаў больш за ўсё шакавалі лівійскага лідара, які праз 2 гады зладзіў крывавую бойню ў сваёй краіне.


Экскурсія доўжылася больш за гадзіну, Кадафі паглядзеў увесь музей. Распытваў пра забойства нямецкага камісара Вільгельма Кубэ.


Да самога лівійскага лідара нікога не пусцілі, акрамя дырэктара і экскурсавода, распавядае Уладзімір Фалецкі.


"Туды быў абмежаваны доступ. Па сутнасці справы, толькі яна была і дырэктар музея — і ўсё... А мы не былі".


На развітанне Кадафі напісаў пасланне ў Кнізе водгукаў на цэлую старонку арабскай вяззю. Але ў музеі адмовіліся распавядаць Еўрарадыё змест напісанага.

У прыёмнай музея застаўся зялёны лівійскі сцяг. На здымку ён за сцягам Туркменістана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі