“Заява пра 6 млрд крэдыту азначае, што ўмовы па крэдыце Расія пагоршыла"

17 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць Расіі даць Беларусі крэдыт ажно на шэсць мільярдаў долараў. Па яго словах, Расія сама прапанавала нам такую дапамогу ў ліквідацыі валютнага крызісу.

Цікава, што на сайце прэзідэнта Расіі ні слова пра крэдыт Беларусі няма.

“Я думаю, што ўсё гэта глупства”, — пракаментаваў Еўрарадыё словы Лукашэнкі загадчык аддзела эканамічнай палітыкі газеты “КоммерсантЪ” Дзмітрый Бутрын:

“Прэзідэнт Беларусі нікога не падманвае, а ўсяго толькі расстаўляе акцэнты. Па сутнасці, уся гэта цудоўная заява Лукашэнкі пра шэсць мільярдаў азначае, што ўмовы па крэдыце Расія пагоршыла. І, мяркуючы па ўсім, у рэальнасці ў 2011 годзе Беларусь зможа атрымаць толькі мільярд крэдыту”.


Паводле Бутрына, гаворка ідзе пра тое, што Расія не дасць міждзяржаўны крэдыт у адзін мільярд з федэральнага бюджэту:

“Аляксандр Лукашэнка ўчора, па сутнасці, пацвердзіў заяву тыднёвай даўніны міністра фінансаў Расіі: Расія не дае  з федэральнага бюджэту міждзяржаўны крэдыт у адзін мільярд. А патэнцыйна павялічвае ў 2013 годзе крэдытаванне Беларусі з фонду ЕўрАзЭС да трох мільярдаў, адначасова працягваючы на год тэрміны прадстаўлення крэдыту”.


Да крэдыту з фонду ЕўрАзЭС Лукашэнка дадаў тры мільярды долараў, якія могуць атрымаць беларускія прадпрыемствы ў выглядзе крэдытаў ад расійскіх банкаў пад залог іх экспартнай выручкі. Вось і атрымалася лічба ў шэсць мільярдаў.

Бутрын: “Ёсць “Нафтан”. Ён упэўнены, што на працягу двух гадоў экспартуе за межы Беларусі прадукцыю нафтахіміі на суму два мільярды долараў. Ён ідзе ў расійскі “Ашчадбанк” і кажа: “Хлопцы, я магу паказаць, што я выраблю да сярэдзіны 2012 года і на якую суму. Я хачу ў вас на гэтую суму крэдыт… А калі мы не будзем расплачвацца па крэдыце, вы будзеце мець правы на ўсё, што мы вырабім да сярэдзіны 2012 года”.

У эканоміках, дзе з правам уласнасці ўсё незразумела, такі крэдыт фактычна раўназначны прыватызацыі, кажа Бутрын.

“Ніякія прапановы Расіі Беларусь прымаць не збіраецца”

Міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын паведаміў пра тое, што гатоўнасць Беларусі атрымаць крэдыт азначае прыняцце раней вызначаных умоваў. Гэтыя словы чыноўніка эксперт з газеты “КоммерсантЪ” называе хітрыкамі.

Бутрын: “Зыходзячы з заяваў прэзідэнта Беларусі, ніякія прапановы Расіі Беларусь прымаць не збіраецца. Прапановай Расіі да Беларусі была карэкцыя рэжыму ўласнасці, прававога асяродку, практыкі кіравання беларускімі прадпрыемствамі, пасля чаго — прыватызацыя часткі беларускай дзяржуласнасці…

Замест гэтага з’яўляецца ідэя пра продаж экспартнай выручкі... Мне не падаецца, што гэта раўназначныя рэчы. Па сутнасці, гэта адмаўленне ад рэформаў”.


У рэальнасці тое, што Расія прапаноўвала зрабіць Беларусі, адпавядае рэкамендацыям МВФ. А менавіта — спыніць каманднае кіраванне беларускімі прадпрыемствамі з Адміністрацыі прэзідэнта, сфарміраваць рэальна дзейны эфектыўны савет дырэктараў, адмяніць усялякія квоты на экспарт. А таксама адмяніць множны валютны курс.

Бутрын: “Калі гаворка ідзе пра алкагалізм, то чалавеку звычайна прапаноўваюць кінуць піць. Можна, канешне, думаць, што гэта забаранілі піць піва, можна думаць, што забаранілі хадзіць у рэстараны... Але насамрэч гаворка ідзе пра тое, каб спыніць п’янства”.

Калі гаворка ідзе пра алкагалізм, то чалавеку звычайна прапаноўваюць кінуць піць.


Чаму раптам Расія сама прапанавала Беларусі крэдыт і ці праўда гэта ўвогуле, Віктар Герашчанка — старшыня Цэнтрабанка Расіі ў 1992-1994 і ў 1998-2002 —разважаць не бярэцца. Але лічыць, што такое цалкам магчыма.

Герашчанка: “А чаму б суседу не прапанаваць? Нягледзячы на тое, што ёсць эканамічныя праблемы, у вас — прамысловы патэнцыял вялікі, сельскагаспадарчыя магчымасці — таксама, экспарт у Расію ідзе... Таму — чаму мы павінны крэдытаваць эканоміку ЗША і не выдаць крэдыт бліжэйшаму суседу? Я ў гэтым нічога падазронага не бачу”.


Былы міністр эканомікі Расіі Яўген Ясін Лукашэнку не верыць, але кажа, што за апошні тыдзень стала відавочна, што праблемы ў Беларусі — сапраўды сур’ёзныя.

Ясін: “Вашаму Лукашэнку я не веру. Але тое, што нашы не хочуць зусім кінуць Беларусь у бядзе — мне зразумела. За гэты тыдзень адбыліся важныя падзеі, стала зразумела, што беларуская эканоміка без гэтых крэдытаў існаваць не зможа. Відаць, нашы лідары вырашылі, што дапускаць сур’ёзны крызіс у Беларусі на зло Лукашэнку таксама няправільна”.


Нагадаем, што дэталі прадастаўлення крэдыта Беларусі будуць абмеркаваныя 19 траўня падчас візіту ў Мінск Уладзіміра Пуціна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі