Заняткі ў рэпетытара вундэркінда Карыны Пачко каштуюць менш за стрыжку

120706 Savi4 Nastauniki.mp3

Як ужо пісала Еўрарадыё, выпускніца з Новалукомля Карына Пачко ўзяла па сто балаў адразу па двух прадметах — па хіміі і біялогіі.

Рэпетытар Карыны па хіміі Таццяна Мікалаеўна гаворыць, што гэты максімальны вынік — першы такі поспех за ўсю яе педагагічную практыку.

"Былі вынікі нават ў 97 балаў, але 100…. Карына — гэта проста такое дзіця, вельмі разумнае і працавітае. Займаліся ж звычайна — трэнажоры, тэсты рашалі і за папярэднія гады таксама”.

Таццяна Мікалаеўна заўважае, што школьная праграма пакуль рыхтуе школьнікаў прыкладна на 60% — астатняе вучням трэба дабіраць самастойна ці з рэпетытарам.

"Але ўсе роўна — тэсты сталі больш чалавечнымі і зразумелымі, чым пяць гадоў таму", — кажа настаўніца.

Таццяна Мікалаеўна перажывала за сваю падапечную, каб тая не трапіла ў псіхалагічны ступар:

"У Карыны і папярэднія репетыцыйныя тэсты былі добрыя — 95-97 балаў. Я вельмі баялася, што ў яе наступіць псіхалагічны ступар. Калі б яна не набрала высокі бал на ЦТ, было б вельмі шкада. Звычайныя дзеці набіраюць па 90 балаў — і ўсё на гэтым, зоркі. А вось Карына чым большых вынікаў дамагалася, тым больш працавала".

Настаўніца прызнаецца, што Карына ездзіла да яе за 30 кіламетраў! Яшчэ і таму заняткі каштавалі так дэмакратычна — каля 30 тысячаў беларускіх рублёў.

"Бяру толькі ў рублях. Мы, правінцыйныя настаўнікі, разумеем, што грошы вельмі цяжка дастаюцца. Стрыжка ў цырульні, што робяць 20 хвілін, каштуе ў нас 50 тысяч рублёў. За такія грошы, думаю, ні ў Мінску, ні ў Віцебску ніхто рэпетытарствам не займаецца. Засталіся яшчэ настаўнікі, што атрымліваюць асалоду ад вынікаў працы. Да таго ж, я з іншага горада. Карына да мяне ездзіла за 30 кіламетраў. Хіба я магла б з яе браць многа?" — пытаецца Таццяна Мікалаеўна.

Настаўніца Карыны па біялогіі Святлана Уладзіміраўна Шарковіч з сярэдняй школы №2 Новалукомля таксама добрага меркавання аб сваёй вучаніцы. Кажа, што падрыхтаваць дзіцё да тэстаў за сем месяцаў можна, але пры ўмове, што яно руплівае.

"Я ведала, што Карына здасць добра. Меркавала, 98 балаў, таму што былі памылкі ў тэстах. Але мы дапрацавалі".

Такі вынік — 100 балаў — у яе за гадавую рэпетытарскую кар'еру першы раз. Але, напрыклад, у мінулым годзе яе выпускніца Дар'я Гаспадарык заняла першае месца на рэспубліканскай алімпіядзе і без экзаменаў паступіла ў Віцебскі медуніверсітэт.

Настаўніца ўладальніцы сертыфіката ў 100 балаў па гісторыі Беларусі Наталлі Гірыс з Навагрудка — Тамара Галушка — працуе ў школе больш за трыццаць гадоў. І таксама на такі вынік яе вучні напісалі ўпершыню: звычайна набіралі каля 70 балаў па гісторыі.

Паводле слоў настаўніцы, Наталля шмат займалася індывідуальна.

"У нас ёсць платная паслуга пры школе: вучань піша заяву на заняткі і мы займаемся. Гэта каштуе прыкладна 50-60 тысяч рублёў".

Настаўнік фізікі з лунінецкага ліцэя — Васіль Граблюк, выпускнік якога Максім Антановіч набраў 100 балаў па прадмеце, смеючыся, кажа, што аніякай ягонай заслугі ў выніку вучня не бачыць. Называе поспех "калектыўнай перамогай розных настаўнікаў Лунінца".

"Максім, ён такі вельмі прыстойны хлопец, таленавіты. Такіх, як ён, дабра, каб было адзін на тысячу", — кажа Васіль Дзямьянавіч.

А каб атрымаць 100 балаў па беларускай мове, Вікторыі Якімчык з гродзенскага ліцэя №1 спатрэбілася… толькі дзве гадзіны заняткаў па “мове” на тыдзень у настаўніцы Вольгі Несцяровіч — гадзіна вучэбная і факультатыў.

“Шкада, што заняткаў так мала — больш замежная мова і руская, — расказвае настаўніца стобальніцы Вольга Львоўна. — Але, дзякуй богу, мне заўсёды шанцавала на добрых дзяцей. Вось і Вікторыя — добрая дзяўчынка. Як яна прыйшла да мяне, я адразу ж запрасіла яе рыхтавацца да алімпіяды. Шкада, што яна выбрала хімію. Але я вельмі ўсхваляваная і радая, што яна атрымала сто балаў па беларускай мове. Яна задавала мне такія пытанні, на якія ў мяне не адразу і адказ знаходзіўся. За мой стаж такі вынік у мяне толькі адзін раз быў — гадоў пяць таму”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі