Заможныя людзі жывуць у трохпакаёўцы трыма пакаленнямі!

130206_savich_elektro.mp3

Сям’я мінчукоў жыве ў трохпакаёўцы ўпяцёх: мама і тата, сын з жонкай, якая ў дэкрэце з аднагадовай дачушкай.


“Я хімік на дзяржпрадпрыемстве, тата — рабочы на заводзе, маці — выхавальніца ў садку”, — распавядае Еўрарадыё Дзяніс. Жонка Дзяніса ў дэкрэце з маленькай дачушкай.


У кватэры стаіць газавая пліта, а таму на гэтую сям’ю дзяржава выдзеліла 150 кілават на пяцярых чалавек. І хоць электрапрыборы ў іх самыя простыя: два тэлевізары, пральная машына, прас, мікрахвалёўка, камп'ютар, які ўключаецца вельмі рэдка, фен — сям’я ў ліміт не ўкладваецца!


“За месяц набягае прыкладна 300 кілават-гадзін. Пралку ўключаем некалькі разоў на тыдзень, бо маленькае дзіця, столькі ж прас”, — кажа Дзяніс. У ягонай сям’і не прынята паліць святло проста так, але з маленькім дзіцем менш не атрымліваецца.


Сям’я, што паліць 300 кілават-гадзін за месяц, паводле версіі Саўміна, можа лічыцца заможнай, бо перабірае свой ліміт амаль удвая! Намміністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк заяўляе БелТА, што дыферэнцыяваныя тарыфы — гэта сацыяльная справядлівасць. Бо тыя, хто спажывалі больш электраэнергіі, — гэта ў асноўным заможныя людзі… Але маці сям’і Святлана са спадаром Міхадзюком катэгарычна нязгодная:


“Нельга нас аднесці да багатых. Я выхавальнік у садку, мой аклад — 1,6 мільёна за поўную стаўку. Натуральна, ёсць даплаты”.

Агульны даход на трох дарослых, якія працуюць, — 12-13 мільёнаў плюс дзіцячыя каля мільёна. І сума даволі добрая, калі б не кошты на ўсё, а таксама крэдыт і пазыка ў усіх магчымых родных на кватэру.


“Мы аддаем 2,5 мільёна за крэдыт — крэдыт пад 50%, без ільгот усялякіх бралі крэдыт, але таксама аддаем грошы родным, бо ў іх ў асноўным пазычалі, таму харчуемся мы вельмі і вельмі сціпла”, — кажа Святлана і заўважае, што сям’я пачала эканоміць на святле.


“Вось, да прыкладу, у нас у спальні жырандоля на тры лямпачкі, мы запальваем адну, раней часта ўключалі машынку на экспрэс-мыццё, а зараз чакаем, каб загрузіць напоўніцу. Стараемся на сабе эканоміць, каб нешта для ўнучкі больш”.


У “Белэнерга” кажуць, што пры распрацоўцы пастановы ніякая колькасць тых, хто пражывае ў кватэры, не ўлічвалася.
“Калі кватэра абсталявана газавай плітой і электрычнай, ёсць дзве нормы. Гэта факт! Гэта прыняў Саўмін! Мы былі супраць дыферэнцыяцыі, але нас не паслухалі”, — кажуць у “Белэнерга”. Тут заўважаюць, што пры распрацоўцы дыфаплаты браўся вопыт замежжа — Украіны — і гэта трэба толькі прыняць.


“Я вам толькі хачу патлумачыць, што гэта ўжо прынятая пастанова! Гэта трэба толькі прыняць!”.


Прыняць і прабачыць?


Да таго ж, як наўздагон заўважаюць у “Белэнерга”, заробку нават і двух чалавек, не тое што трох, каб пракарміць пяць чалавек, дастаткова.


“У сям’і, дзе двое працуюць, дастаткова заробкаў, каб годна жыць у нашай краіне”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі