За што ў чорны спіс ЕС унеслі фігурантаў справы Алеся Бяляцкага?

Суда па справе Бяляцкага яшчэ не было і прысуду няма. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, на якіх падставах унеслі ў чорны спіс аднаго суддзю і двух пракурораў, а таксама міністра па падатках і зборах.


З апошнім усё зразумела, а за што ў спіс патрапіў суддзя Мінгарсуда Уладзімір Карноў, пракуроры Максім Шастаковіч і Вольга Герасімовіч?


"Гэта, відаць, ідзе гаворка пра абскарджанне меры стрымання ў судовым парадку. Такая працэдура прадугледжаная крымінальна-працэсуальным кодэксам і адвакат, відаць, падаваў скаргу на абраную меру стрымання утрыманне пад вартай, у суд. А там суддзя разглядаў і адмовіў", — кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.


Абодва пракуроры ўдзельнічалі ў разглядзе справы ў судзе, аб змяненні Бяляцкаму меры стрымання, як прадстаўнікі абвінавачання. Пытанне толькі ў тым, ці па сваёй ініцыятыве вызваліся яны? І ці маюць дачыненне да справы, альбо з'яўляюцца прадстаўнікамі ў судзе. А вось суддзя сваё рашэнне ўжо вынес.


"У спіс унесены той суддзя, які ўжо вынес сваё рашэнне, ён ацаніў пытанне аб магчымасці змены меры стрымання", — кажа кіраўнік БХК Алег Гулак.


Цяпер справу Бяляцкага перадалі ў суд. Ці не будзе ўключэнне ў спіс ціскам? Калі разглядаць справу будзе той самы чалавек, яму ўжо няма чаго губляць, ці наадварот ёсць магчымасць выйсці са спісу?


Але судзіць Бяляцкага будзе іншы суддзя, супакойвае праваабаронца Алена Танкачова.


"Калі справа толькі перададзеная ў суд і суддзя яшчэ не прызначаны, той суддзя, які разглядаў хадайніцтва, не атрымае гэтую справу".


Па працэдуры Уладзімір Карноў ужо выказаў сваё стаўленне да справы і не можа разглядаць яе па сутнасці.


Па вялікім рахунку, магчымае ўнясенне ў спісы можа быць ціскам на наступнага суддзю, які будзе прымаць рашэнне.


"Па вялікім рахунку, можна казаць, што гэта ціск увогуле на суд. Вядома, суддзя павінен быць свабодны пры вынясенні рашэння. Але падобныя дзеянні могуць мець месца, таму што беларускі суд не з'яўляецца незалежным. І менавіта з гэтага, я думаю, зыходзіў Еўрасаюз, калі прымаў гэтае рашэнне", — гаворыць Алег Гулак.


Дарэчы, суддзя Ўладзімір Карноў да таго, як адмовіў змяніць меру стрымання Бяляцкаму 6 кастрычніка 2003 года спыніў адміністратыўную справу ў адносінах Аксаны Новікавай з-за адсутнасці складу правапарушэння. Яна стаяла з плакатам ля будынку суда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі