За разбазарванне дзяржаўных грошай караюць... вымовай

130314_savich_auto.mp3

Еўрарадыё паглядзела, як пакаралі тых, хто шыкаваў праз сайт дзяржзакупак.

Старшыня Камітэта дзяржкантролю па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Баско запэўнівае: усе дзяржзакупкі пад пільным кантролем. Асабліва — закупкі службовых аўтамабіляў:

"Камітэтам адсочваецца сітуацыя і з набыццём дарагіх аўтамабіляў. Таму што дзяржаўныя грошы павінны выкарыстоўвацца максімальна рацыянальна і з улікам магчымасцяў і патрэб”.

Прыклад рацыянальнасці і выдатнай працы паказваюць докшыцкія камунальнікі. Тут купляюць аўтамабіль за 250 мільёнаў, пры гэтым ледзь упісваюцца ў прэзідэнцкі ліміт на кошт службовага аўто ў 25 тысяч еўра. Але фінансуюць пакупку — з асабістай кішэні. Бо зарабляюць "на паслугах насельніцтву":

“Цяпло вырабляем, ваду, санітарная ачыстка”.

Атрымліваецца, жыхары Докшыц плацяць за жыроўкі больш за ўсіх ды яшчэ і без пазык?

“Ну працуем, канечне!” —  сціпла ўсміхаюцца камунальнікі.

Але цягам размовы высвятляецца, што калі асабістых грошай не хопіць, докшыцкія камунальнікі возьмуць у лізінг.

А вось у Воранаўскім райвыканкаме Гродзенскай вобласці пра цікавасць КДК да пакупкі службовых аўтамабіляў нават не чулі.

“Уяўлення не маю, што дзяржкантроль зацікавіўся аўкцыёнамі”, — шчыра прызнаюцца ў райвыканкаме.

Тут купляюць аўтамабіль для старшыні... за 280 мільёнаў. Расказваюць страшную гісторыю пра тое, што двухгадовая Toyota Camry не вытрымлівае напружанай працы.

“Toyota купілі два гады назад. Паводле загада Адміністрацыі прэзідэнта. Але старшыню райвыканкама, вы ж ведаеце, трэба і па палях, яны літаральна начуюць у машыне. Таму патрэбен пазадарожнік. 280 мільёнаў, канечне, гэта максімальны кошт”.

У горадзе Воранава жыве 6,5 тысячы чалавек...

Агракамбінат “Рудакова” праз аўкцыён купляе машыну за 23 тысячы долараў. У ліміт упісаліся, тым больш “купляем за свае сродкі”.

Як даведалася Еўрарадыё, за разбазарванне бюджэтных грошай Камітэт дзяржкантролю па Брэсцкай вобласці ўжо пакараў адразу шэсць кіраўнікоў гэтага рэгіёна. Не толькі за службовыя аўто, але за паслугі будаўнікоў, рамонт машын і гэтак далей.

“Шэсць службовых асоб было прыцягнута да адказнасці”, — кажа намеснік пракурора па Брэсцкай вобласці Аляксандр Тачко. Толькі вось адказнасць за разбазарванне грошай — вымова ў асабістую справу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі