За кватэру ў бараку ў Мінску просяць 100 долараў! (фота)

130221_savi4_barak.mp3

Аб’ява на сайце нерухомасці: кватэра ў бараку. Здзіўляе кошт — 100 зялёных і без усялякага торгу. Гаспадыня Марыя здымае слухаўку адразу:

“Без перапынкаў адказваю, ужо галава баліць”.

Столькі жадаючых зняць барак за 100 баксаў? Няхай сабе і ў некалькіх прыпынках ад станцыі метро "Інстытут культуры".


“Кватэра на першым паверсе двухпавярховага дома. Кухня, вітальня і сам пакой. Стол-кніга, канапа, усё ў дыванах-пакрывалах,  пліта газавая, шафа. Мэбля, канечне, старая, але што вы хочаце за 100 долараў? Я вунь здаю яшчэ дзве кватэры — за 250 і за 600 на Уруччы”.


Заўважаю гаспадыні, што і 100 баксаў для барака — гэта, мякка кажучы, зашмат — за год набяжыць 1,2 тысячы долараў. Марыя гне сваё:

“Мы хлопцу здавалі да гэтага, ён ажаніўся, доўга здавалі. Там рамонт, усё пафарбавана, выклеена”.


Да ўсяго ўладальніца барака Марыя ставіць умову: патрэбна і перадплата, і залог:

“Але вы надоўга будзеце здымаць? Бо мяне цікавіць толькі доўгатэрміновая арэнда! На год мінімум! Прыязджайце адразу з грашыма. Хто мне дасць залог і перадаплату, таму і здам — нікога чакаць не буду!”


Пытаюся наконт суседзяў, гаспадыня літаральна маша рукамі: будзь спакойная!

“Нармальныя суседзі! Людзі жывуць… Розныя абставіны, нармальныя людзі ўсе жывуць і чакаюць, калі знясуць гэты дом”.


На месца я прыехала за 20 хвілін да прызначанага часу: хацелася паглядзець на чаргу жадаючых зняць барак. Але абсалютна бязлюдная вуліца. Нікога не было і ў доме.

З другога паверху з пустымі вёдрамі спускаецца дзяўчына: эх, нядобрая прыкмета! Калі дзяўчо з двума вёдрамі вады (ёсць жанчыны ў нашай сталіцы!) вяртаецца ў дом, распытваю: як суседзі, як умовы, ці цёпла.

“Ну вось гэту кватэру здаюць — трэцюю. Мы зверху жывем. Як суседзі? Гэты край спакойны, а вунь там — не вельмі, буяняць”.


Вось табе і добрыя суседзі. Пытаюся, як яны прызвычайваюцца да таго, што няма прыбіральні і вады. Дзяўчына смяецца:

“Ну, на вуліцы прыбіральня, ходзім, усё асвятляецца. Тут ціха, спакойна, ніхто не ходзіць”.


Дзяўчына цягне на другі паверх свае вёдры вады, а я аглядаю барак. 

Доўгі калідор пафарбаваны ў зялёны колер, драўляная падлога, асабліва ўражвае знешні выгляд — барак пабелены і нават аздоблены ружовай фарбай! Ваў!

Драўляныя зялёныя дзверы, зачыненыя на просценькі замок. У паштовай скрыні — квітанцыя аб аплаце: толькі за тэхабслугоўванне і газ.

Прыбіральню знаходжу па паху. Тут брудна і небяспечна — святла няма, уначы і праваліцца ў гэту дзірку можна.

Ваду жыхары бяруць з калонкі.

Ад гаспадыні, як і ад “чаргі жадаючых”, ні слыху ні дыху. Тэлефаную ёй і чую нечаканы адказ:

“Усё здалі ўжо!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі