З-за беларусаў ва украінскіх вёсках можа знікнуць вада

Калі беларускае крэйдавае радовішча "Хаціслаўскае" запрацуе ў поўную сілу, то могуць не толькі змялець Шацкія азёры, але і перасохнуць глебы і знікнуць вада ў калодзежах на тэрыторыі Валынскай вобласці Украіны, паведамляе Газета.ua

Нагадаем, што 17 красавіка Міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў Украіны пацвердзіла пагрозу абмялення і забруджвання Шацкіх азёр  з-за распрацоўкі Хаціслаўскага крэйдавага кар'ера.

Таксама шматлікія украінскія навукоўцы заяўляюць, што ў выніку распрацоўкі гэтага беларускага кар'ера, на тэрыторыі Украіны могуць змялець і знікнуць Шацкія азёры. Спецыялісты лічаць, што ёсць падставы казаць аб парушэнні Беларуссю шэрагу міжнародных канвенцый, якія забараняюць дзеянні, што могуць прывесці да негатыўных зменаў экалогіі. Беларускі бок у сваю чаргу заяўляе: усе рызыкі ад здабычы крэйды ў кар'еры ўлічаныя і мінімізаваныя.

Хаціслаўскае радовішча размешчана ў 30 кіламетрах ад Шацкіх азёраў і знаходзіцца каля дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай. Яго ўладальнікам з'яўляецца блізкі да Аляксандра Лукашэнка бізнэсмен Юры Чыж.