З БДУ могуць адлічыць каля дзвюх соцень студэнтаў, а з ЕГУ — каля дзясятка

З БДУ могуць адлічыць каля дзвюх соцень студэнтаў — 185 чалавек. З іншага боку, гэта ўсяго 1% ад усіх студэнтаў дзённай формы.

“Гэта студэнты, якія атрымалі тры і больш незадавальняючыя адзнакі”, — гаворыць начальнік Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ Людміла Хухлындзіна. Кожны такі выпадак будзе разглядацца асобна: калі студэнт не здаў іспыты праз тое, што хварэў, адлічаць не будуць.

З Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта пасля зімовых іспытаў выляцяць каля дзвюх соцень студэнтаў.

“У асноўным першыя 3 курсы. Гэта ж тэхнічна складаны ВНУ. Праз недахоп грошай на навучанне ніхто не адлічваецца”, — кажа прарэктар па вучэбнай працы Георгій Вяршына.

З лютага БНТУ падняў кошты на 29%. Самы дарагі факультэт там цяпер каштуе... 9 мільёнаў рублёў!

У Магілёўскім універсітэце імя Куляшова — менш за сотню двоечнікаў з амаль 8 тысяч студэнтаў. На думку выкладчыкаў, студэнты не думаюць, куды паступаюць.

“Сёння многія наўздагад паступаюць. Ёсць магчымасць — паступае. Куды гэтаму выпускніку пасля школы дзецца? Ёсць дзеткі, за якіх бацькі даюць грошы, а яны — нуль увагі. Вырвуцца з-пад кантролю, асабліва калі з правінцыі”, — скардзіцца прарэктар Мікалай Бузук.

Выкладчыкі нават збіраюць бацькоўскія сходы, як у школе!

“Для студэнтаў першых курсаў. Запрашаем пісьмова бацькоў. Прыязджаюць… Тлумачым ім праблемы, даем вынікі па вучобе дзяцей”.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі за паўгода адлічылі 260 студэнтаў з дзённага аддзялення. Толькі палова з іх — за непаспяховасць.

“Сюды яшчэ ўвайшлі студэнты, якія з лета не даздалі сесію. Траціна — сышлі па сваім жаданні, 13% — перавяліся, і 1% — парушылі дысцыпліну”, — гавораць у БДУІР.

Ёсць адлічаныя пасля сесіі і ў ЕГУ, што ў Вільні.

“Тры чалавекі сыходзяць па сваім жаданні. І можа 3-4 чалавекі мы адлічым. Кожны семестр адлічваюцца каля 15 чалавек. У год — каля 30. Палова па сваім жаданні, палова — за непаспяховасць”, — паведамляе дэкан бакалаўрыяту Рыгор Мінянкоў.

Правілы адлічэння ў ЕГУ падобныя да беларускіх: студэнт мае права на адну бясплатную і адну платную пераздачы. Калі не здае — адлічэнне. Калі мае больш за палову пераздач у сесію — вылятае з ВНУ. Цяпер у ЕГУ навучаецца каля 2 тысяч студэнтаў. 600 з іх — на дзённым.

У Беларусі, нагадаем, студэнт мае права двойчы пераздаць іспыт. Калі не здаў адразу тры прадметы, яго выключаюць.

Фота: rusoil.net