Як Еўрарадыё шукала заможных калгаснікаў

 Да таго ж, такі селянін малады-прыгожы, добры гаспадар і актыўны грамадзянін.

Еўрарадыё знайшло такіх людзей.

“Якія? Заможныя? Ой не, у нас такіх няма сялян — у нас заробак сярэдні за 9 месяцаў 1,5 мільёна. Механізатар у сезон 2-2,5 мільёны мо зарабляе, даярка і таго меней — 1,2 мільёна за 30 дзён працы. Гэта можа  на Брэстчыне, у Столінскім раёне, ці бліжэй пад Мінск пашукайце”, — накіроўваюць у СПК “40 гадоў Кастрычніка”, што ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці.

У вёсцы Туры таго самага Столінскага раёна на пытанне Еўрарадыё, ці ёсць у іх заможныя сяляне, рапартуюць, што такія ёсць. Але калі мы пытаемся кантакты гэтых шчаслівых і багатых людзей, задумваюцца:

“Вось я сказала, а зараз і думаю, на каго ж вам сказаць. У нас не сказаць, каб такія ўжо і заможныя былі. Можа ў Альшаны (суседняя вёска. — заўв. Еўрарадыё) патэлефануйце, там людзі самі на сябе працуюць. Такія больш заможныя, у іх цяпліцы”.


Але і ў Альшанах, і ў Турах замест багатых калгаснікаў прапаноўваюць фермераў.

Сям’я Боўсунаў, што з вёскі Туры, шматдзетная. Маці сям’і Валянціна ў дэкрэце, а бацька працуе аператарам на запраўцы. Даход бацькі разам з дзіцячымі — 3,5-4 мільёны рублёў. У сям’і тры бусы Mercedes і трактар, а таксама …прасторны дом, цяпліца, 50 сотак зямлі, пяць коз і пяць свіней, 30 курэй. Каб даглядзець гаспадарку, Валянціна з мужам прачынаецца ў палове на шостую:

“Нам няма калі адпачываць, у нас трое дзяцей. Мы на моры ніколі не адпачывалі, хто вам пра гэта сказаў? У нас трое дзяцей, у нас свінні, то агарод, то сад, то вінаград. Адпачываць няма калі! Я вам так скажу: Лукашэнка тых, хто хоча працаваць, тых заціскае і дабіцца нічога нельга”, — расказвае гаспадыня.

Валянціна расказвае, што прадае капусту, яблыкі і кроп. Два гады таму, калі долар быў 2 тысячы, за продаж кропу купілі машыну.

Але ўсё ж аднаго такога дзяржаўнага камбайнёра з заробкам у 1000 долараў мы знаходзім у агракамбінаце “Холмеч”, што ў Рэчыцкім раёне. Гэта пераможца рэспубліканскіх “Дажынак-2012” 50-гадовы Аляксандр Грань.


“У мяне не іншамарка, а “Лада”, якую за перамогу на “Дажынках” далі, трактар ёсць самаробны. Дом звычайны, калодзеж на вуліцы, заробак каля тысячы долараў — для вёскі, лічу, нармальна. Але агаваруся — гэта ў тых, хто працуе, без залётаў па п’янцы”.

Аляксандр прызнаецца, што адпачывае проста — перад тэлевізарам ці з ружжом на паляванні. На астатняе не хапае вольнага часу.  А вось жонку Аляксандр плануе адправіць у наступны год на адпачынак у Германію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі