"Я заўсёды адмоўна ставілася да смяротнага пакарання"

Праз год пасля выбуху Еўрарадыё цікавіцца ў ахвяраў выбуху ў мінскім метро, ці змяніўся іх погляд на смяротнае пакаранне. Мы паразмаўлялі з 6 чалавекамі, жыццё якіх змянілася пасля 11 красавіка 2011 года.

"У мяне яно (стаўленне да смяротнага пакарання. — Еўрарадыё) не змянілася. Я быў супраць і да, і пасля. Гэтым пытанне не вырашаецца, забойствам чалавека ўжо нічога не памяняеш. А "кроў за кроў" я лічу няправільным. Ну, і плюс ніхто не застрахаваны ад памылкі, — адказвае Міхаіл Прыліпка. Яго жонка — настаўніца Вікторыя, якая ў выбуху страціла нагу і атрымала цяжкія траўмы абедзвюх рук, дагэтуль карыстаецца вазком. — Вы ўявіце, мы толькі з бальніцы... Жыццё перавярнулася, мы нават у стадыю рэабілітацыі не перайшлі, нам яшчэ лячыцца трэба".

Інэса Крутая атрымала траўмы і амаль згубіла зрок на адно вока, патрэбная аперацыя па замене хрусталіка.

"У мяне адмоўнае стаўленне з’явілася да смяротнага пакарання. Калі раней я не задумвалася, то, паглядзеўшы на ўсё, што адбываецца, я не хачу, каб гэта было. Бо могуць пацярпець невінаватыя людзі. У мяне жыцця цяпер фактычна няма. Працы няма, здароўя няма, грошай няма. Людзі дапамагаюць — па крамах могуць схадзіць, прадуктаў прынесці і грошай падкінуць".

Маргарыта Чарнышова пасля тэракта змагла вярнуцца да нармальнага жыцця. Тады ёй пашанцавала: знаходзячыся недалёка ад эпіцэнтру, уратавала калона.

"Я заўсёды адмоўна ставілася. І калі быў рэферэндум, я галасавала супраць. Вы ведаеце, я чалавек веруючы, спрабую ім быць, і лічу, што забраць жыццё можа толькі Бог, калі ён яго даў".

Яраславу Пясецкаму выбухам адарвала ногі, ён сядзеў на той самай лаўцы, пад якой знаходзілася сумка з бомбай. Разам з маці яны нават падпісаліся пад петыцыяй супраць смяротнага пакарання.

"Да таго мы не задумваліся пра гэта, а цяпер задумаліся. Людзі могуць не ўяўляць поўную карціну, не ведаць усяго, па розных прычынах. А яшчэ людзі могуць памыляцца", — гаворыць маці Яраслава Наталля.

Яраслаў у метро чакаў сваю дзяўчыну. Па словах маці, цяпер яна таксама разам з ім.

"Добрая дзяўчына, сябруе з ім па-ранейшаму. Яна яго не пакінула, яна яму прысвяціла столькі ж, колькі і я: дзень я, дзень яна, скажам так".

Наталля Ільіна, жонка памерлага пасля выбуху Андрэя Ільіна, не стала выказваць сваё меркаванне наконт смяротнага пакарання.

"Можна я не буду адказваць на гэта пытанне? Гэта вельмі складана для мяне — на гэтую тэму разважаць".

Таксама не стаў адказваць і журналіст Мікалай Ільюшэнка, які да гадавіны напісаў артыкул пра тэракт па просьбе сваіх калег. Працаваць ён не можа, бо яшчэ не ходзіць. Раздробленая нага не зажыла.

Магчыма, ёсць пацярпелыя ад тэракту, якія выступаюць за смяротнае пакаранне, і такія меркаванні гучалі ў пачатку суда, але сярод тых, каго адшукала Еўрарадыё, такіх не апынулася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі