“Я яго прозвішча першы раз пачуў. Прагаласаваў “За”

У Беларусі сёлета 16 безальтэрнатыўных акругаў. Было толькі 4, але апазіцыя паздымала сваіх байцоў, і кандыдатам ад улады стала спакойней. Старшыня Петрышкаўскага сельсавета Аляксандр Мякіннік, які балатуецца ў Заслаў’і, не меў канкурэнтаў ад пачатку.

120923_pilecki_zaslauje.mp3

“Гэты кандыдат — з мясцовых. Яго ведае насельніцтва. Тая альтэрнатыва, якая была — высоўваліся — гэта людзі, якія не прадстаўляюць цікавасці для горада”, — расказвае мне старшыня участковай камісіі ў Заслаўі Аляксандр Аношка.

Участак у мясцовым Гарадскім доме культуры сустракае жаночым смехам, букетамі восеньскіх кветак і расійскай папсой. Вяселле, а не выбары! Пасля непрацяглай бюракратычнай працэдуры спадар Аношка ўсаджвае мяне за асобны стол, накрыты кавалкам чырвонай тканіны. Участак арганізавалі ў холе дома культуры. Тут табе і кабінкі для галасавання, і камісія з 10 чалавек, і буфет, і нават прыбіральні — трэба толькі спусціцца па лесвіцы.

 

За сталом сядзім разам з медсястрой. Гаворыць, што будзе тут цэлы дзень. Раптам нехта самлее ад шчасця паўдзельнічаць у выбарах — гэта вам не жартачкі. “Пасябраваў” я і з буфетчыцай. Яна прызнаецца, што кошты сёлета на “выбарчых буфетах” не ніжэйшыя, чым у крамах. Гаворыць, што вялікія зніжкі бываюць толькі падчас прэзідэнцкіх выбараў.

У сяброў камісіі тым часам свае турботы — то дэлегацыя польскіх назіральнікаў заедзе, то з акруговай камісіі нехта наведаецца, а яшчэ і святочны канцэрт трэба арганізоўваць. Ім адназначна не да мяне. Чым і карыстаюся — раблю невялічкі экзіт-пол. Першы суразмоўца — Уладзімір. На выгляд гадоў 60-ці. Пра кандыдата ён “ні ў зуб нагой”.

 

“Не ведаю! Я першы раз прозвішча пачуў. Галасаваў за яго, каго ж я больш ведаю. А так я нават не бачыў яго па тэлевізары, у твар не ведаю”.

 

Твар кандыдата паказваю Уладзіміру на дзвярах участка — там вісіць плакат з інфармацыяй. Але чалавек, за якога ён толькі што прагаласаваў, заслаўчаніна цікавіць мала. Гаворыць, што траціна жыхароў горада да выбараў не дойдзе. Скардзіцца нават, што клікаў суседку галасаваць, але яна заўпарцілася — шмат працы па гаспадарцы.

Пра невысокую яўку чую і ад старшыні участковай камісіі Аношкі. 20% прагаласавала датэрмінова, яшчэ 30-40% выбаршчыкаў ён разлічвае пабачыць у дзень галасавання. Агулам атрымоўваецца 60%.

 

Ні пра апазіцыю, ні тым больш пра байкот Уладзімір не чуў. Калі пытаюся, ці будзе лічыць камісія галасы жыхароў горада, ён толькі хітра ўсміхаецца.

 

“Напэўна, палічаць. А хто не будзе галасаваць, то яны (камісія – заўвага Еўрарадыё) бюлетэні самі паўкідаюць, я думаю. Для справаздачы”.

 

Крыху азадачаны такім фаталізмам, спыняю яшчэ некалькіх толькі што адгаласаваўшых заслаўчан. Размаўляюць неахвотна. Але ўсе цвердзяць адно — кандыдата зусім не ведаюць.

 

“Я яго толькі вось па фотаздымку ведаю і па біяграфіі. Тут вось пабачыў (на участку для галасавання -- Еўрарадыё). А так я яго не ведаю. Па тэлебачанні не бачыў, на працы быў, не меў гонару паглядзець. Прагаласаваў за. Харошы чалавек, людзі кажуць. А як людзі, так і я”.

Людзі тым часам ідуць на участак. Але не вельмі ахвотна. Нават святочны выбарчы канцэрт, які нягледзячы на холад і дождж, усё ж пачаўся — не дапамагае. Фургончык ад мясакамбіната, што стаіць побач з Домам культуры, прываблівае куды больш — чарга акурат ля яго, а не ля выбарчай скрыні.

“Не ведаю! Я першы раз прозвішча пачуў. Галасаваў за яго, каго ж я больш ведаю. А так я нават не бачыў яго па тэлевізары, у твар не ведаю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі