Выпускніца-вундэркінд з Новалукомля: “У плэеры — Metallica, Iron Maiden"

120710 Savi4 Detki.mp3

Еўрарадыё даведалася, што выдатніцы-стобальніцы сёлетняй уступнай кампаніі носяць 14-сантыметровыя абцасы, караценькія шорцікі і слухаюць рок.

Вольны час выпускніца з Новалукомля Карына Пачко, што на тэставанні набрала па сто балаў па хіміі і біялогіі, бавіць звычайна. Чытае беларускіх класікаў, грае на піяніна, фатаграфуе, нават заўважаная ў школьным хоры. "Кажуць, я нядрэнна спяваю", — прызнаецца дзяўчына.

Аднак у размове высвятляецца, што далікатная звонку Карына… сочыць за футбольнымі матчамі і аддае перавагу музыцы “пацяжэй”.

"Звычайна ў плэеры гучыць Metallica, Iron Maiden, Pantera... Тусовак у нас у горадзе амаль няма — горад маленькі, няма куды хадзіць. Нават на дыскатэку не хаджу, бо там сумна", — прызнаецца Карына.

А яшчэ Карына вельмі любіць кароткія спадніцы і высокія абцасы. Праўда, улетку аддае перавагу абутку на нізкім ходзе — ногі стамляюцца.

“За апошні год многа прыйшлося займацца хіміяй, — кажа Карына. — Многія захапленні прыйшлося адкласці”.

“Звычайна слухаю рок, зараз гэта Muse”, — кажа Ганна Кісляк, выпускніца брэсцкага ліцэя № 1. Дзяўчына набрала 100 балаў па хіміі, і па 98 балаў — па рускай мове і біялогіі.

"Я вельмі цярплівая і доўга буду маўчаць, пакуль нейкае дзеянне або нечыя паводзіны не пачнуць мяне раздражняць. Тады даводзіцца тлумачыць чалавеку, што канкрэтна мне не падабаецца. Звычайна я не ўжываю мацюкі. Але часам бывае ... як і ва ўсіх", — нечакана прызнацца нам Ганна.

Як і Карына, брэстчанка Ганна на час падрыхтоўкі да іспытаў начыста забылася пра якія-небудзь адносіны з хлопцамі . "Але калі трэба, зараз лета — магу нагнаць", — ізноў здзіўляе Ганна гатоўнасцю нумар адзін.

"Раней я шмат часу надавала модзе — глядзела ток-шоў, сачыла за вопраткай, але ў выпускным класе давялося пра гэта забыцца", — уздыхае мінчанка Таццяна Бараноўская, таксама падвойная стобальніца па тэставанні. Таня любіць насіць высокія абцасы — яе асабісты рэкорд 14 сантыметраў, і караценькія шорты.

Хаця хуліганка з яе ніякая: "Ну, у дзяцінстве часта перабягала дарогу на чырвоны сігнал святлафора і да ўвядзення бясплатнага праезду для школьнікаў каталася на грамадскім транспарце "зайцам", — смяецца дзяўчына.

Каб канчаткова пазбавіцца ілюзіі "манаства" выдатніц, можна сказаць, што першы пацалунак у дзяўчат адбыўся ў 14 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі