Воплі Відаплясава назвалі лепшых беларускіх удзельнікаў"Народнага трыб'юту"

111215 Malina Vopli.mp3

Легенда ўкраінскага этна-року – “Воплі Відаплясава” адсвяткавалі сваё 25-годдзе вялікім канцэртам у мінскім Палацы Рэспублікі. Распачаўся выступ даволі лёгенька – песнямі “Шалена зірка” і “Галіна”. І калі сам Скрыпка ўжо праз некалькі песень кінуўся бегаць па зале і нават таньчыць на крэслах пад “Були на селі”, то гледачоў ахова Палацу “усадзіла” на месцы. Таму сапраўдных танцаў пад сцэнай, як і дарэчы якаснага гуку, на жаль, гледачы не дачакаліся.

 

Да канцэрту ВВ падрыхтавалі “святочны” відэашэраг  з кліпамі розных часоў і арыгінальнымі “тэматычнымі” нарэзкамі да кожнай з песень.

“На святочным канцэрце не абысціся без сюрпрызаў, – кажа Скрыпка Мы прывезлі вам новую песню, якая называецца “Талалай”. І адразу за ёй прадставілі яшчэ адзін “сюрпрыз” – “старадаўнюю калядку”, песню “Щедрик”.




Прыкладна пасярэдзіне канцэрту, “Воплі” запрасілі на сцэну беларускіх пераможцаў “Народнага трыб’юту”. Беларускія каманды адгукнуліся на яго самымі першымі і, са словаў Скрыпкі, былі самымі актыўнымі і цікавымі. Паколькі на пачатку сваёй творчасці Алег Скрыпка таксама вельмі любіў эксперыментаваць, то і зараз музыканты вырашылі падтрымаць “самых смелых” удзельнікаў і ўладальнікаў самых “цікавых” інструментаў. На сцэну ўзняўся Дзіма Ску, які сольна выканаў гібрыд-транс-версію з песень “Танцы” і “Галю, прыходзь”. Астатнія двое ўдзельнікаў – Арцём Атрашэўскі і Юля Глебава сумесна з “Воплямі” выканалі песні “Білі плями” і “День народження”.

Дзіма Ску


Арцём Атрашэўскі

Юля Глебава

“Мы прадставілі самае цікавае, нават па інструментах. Нечакана, цымбалы так цудоўна упляліся у “День народження”, а тэрменвокс у песню “Білі плями”. І Дзіма са сваімі эксперыментамі – на нейкіх каробках яны там граюць. Мы проста самі эксперыментавалі з такімі рознымі інструментамі. Калі пра ВВ яшчэ не было ані згадкі, калі я ў школе вучыўся, мы сабралі калектыў і таксама на такіх вось розных інструментах запісваліся і гэта гучала даволі прыстойна”.

Дарэчы, выкарыстоўваць загадкавы інструмент тэрменвокс, з якім выступіў Арцём Атрашэўскі, Алег Скрыпка хацеў вельмі даўно. Але тады яго проста не знайшлося, і ў песні “Білі плями” музыканты паспрабавалі замяніць яго гучанне… голасам.

 

 

“Я імітаваў голасам гэты інструмент. Увогуле, яго гучанне мне нагадвала музыку з савецкіх навукова-фантастычных фільмаў. І бачна, што Арцём вельмі таленавіты чалавек, што ён змог зазірнуць унутр гэтай ідэі, якая ўзнікала напярэдадні стварэння самой песні. І вось ён гэта рэалізаваў. Гэта было вельмі нечакана для мяне і вельмі прыемна”.

Сам аўтар арыгінальнай версіі песні “Білі плями”, Арцём Атрашэўскі, кажа, што ідэя па-першае, набыць тэрменвокс, а па-другое – выкарыстаць яго гучанне ў кампазіцыі – гэта мары дзяцінства. І вось, прытрымліваючыся вучэння дзядулі Фройда, музыкант вырашыў іх здзейсніць, каб стаць шчаслівым.

“Гумар у тым, што як толькі ў мяне з’явіўся тэрменвокс, гэтая песня - “Білі плями” загучала ў маёй галаве менавіта з тэрменвоксам. – распавядае Арцём Атрашэўскі . -Таму выбар песні для “Народнага трыб’юту” цягнуўся нуль секунд. Вядома, на сцэне не абышлося без тэхнічных праблем. Але ў выніку ўсё атрымалася нармальна, зала качалася. Галоўнае, што драйв быў”.

Пасля выступу ўдзельнікаў “Народнага трыб’юту” на сцэну ўзняўся “эксперыментальны праект” Скрыпкі “Ле гранд аркестр”, разам з якім гурт выканаў усе астатнія песні. На сцэне з’явіліся каларытныя музыканты разам з дзяўчатамі ў нацыянальных строях. На жаль, гукачы так і не змаглі справіцца з гукам у зале: ні чароўнай скрыпкі, ні бэк-вакалу не было чуваць.

 

 

На біс ВВ выйшлі з баевіком “Танцы” і летуценнай і шчымлівай “Краінай Мрой”, якую музыканты запісалі на беларускай мове спецыяльна для праекту “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2”


“Мы доўга вагаліся, спяваць, ці не наступную песню, – абвяшчае “Краіну Мрой” Скрыпка. – Але вырашылі спяваць. І зараз “Краіна мрой” упершыню прагучыць па-беларуску”.




Што тычыцца “бліжэйшых” планаў, музыканты плануюць выдаць DVD з арыгінальных відэа ўсіх удзельнікаў “Народнага трыб’юту” ды неўзабаве абвесцяць пераможцу конкурсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі