Віталік Артыст: У “Звезде” сабрана ўсё, што мы бачылі, і да чаго дадумаліся

111121 Sverdlov BB.mp3

Зала была амаль поўнай. Запрошаных Віталём іншапланецян не назіралася, а вось дзяцей з інтэрнатаў БЕЗ БИЛЕТА прывезці ўсё ж змаглі – на канцэрце прысутнічала прыкладна 100 чалавек з 5-ці дзіцячых дамоў. Самі віноўнікі свята нарэшце з’явіліся на сцэне пад касмічныя гукі і ў чаканых касцюмах касманаўтаў. Распачалася прэзентацыя песняй “Адрес - планета Земля”, якая і адкрывае пласцінку “Звезда”, а Віталік запрасіў усіх прысутных на “міжгалактычны музычны сеанс”.

Пасля першага трэка музыканты хуценька змянілі касмічныя касцюмы на цішоткі, а Віталік Артыст пусціўся ў звыклыя танцы, перамяшчаючыся з касмічнай хуткасцю ад аднаго краю сцэны да іншага і зрываючы авацыі і дзявочыя віскі. Новыя песні сустракалі “на ура” і увесь час спявалі разам. Пасля некалькіх песень Віталік Артыст прадставіў загалоўную кампазіцыю новай плыткі “Звезда” і запрасіў усіх прысутных на афтэпаці:

"Сябры, песня “Звезда”. З дапамогай гэтай песні мы, гурт БЕЗ БИЛЕТА, збіраемся трапіць на афтэпаці на Зорцы пасля таго, як мы разыдземся з нашымі целамі. Мы зараз запрасілі на афтэпаці Джэксана, Кабэйна, Мулявіна. Том Йорк пры жыцці атрымае запрашэнне. Віктар Цой і Брус Лі ўжо пагадзіліся. Сёння таксама раздаюцца бясплатныя запрашэнні, сустрэнемся на афтэпаці на Зорцы!"

Публіка ў адказ ускінула рукі ўгору і ўдзячна загула. І ў гэты момант неяк падумалася, што калі Віталік вырашыць сабраць, напрыклад, Арэну – ніхто як мінімум не здзівіцца. Галоўнае тое, што ён усё робіць сабе ў кайф – ва ўсялякім выпадку, знешне падаецца, што ён зусім не парыцца, на якой пляцоўцы спяваць і для якой колькасці гледачоў. Ён такі ж бесклапотны і вясёлы, усё так жа не трапляе ў ноты, і нічога, натоўп фанатаў толькі шырыцца! Ці то шчырасць і харызма Віталя настолькі гіпнатычныя, ці то, як смяецца сам Артыст, “музыканты нешта сапраўды падмяшалі гледачам на ўваходзе”.

 

 

“8 секунд – вельмі прыгожая песня для ліхтарыкаў, – тым часам працягвае Віталь.  У патрэбны момант ён просіць гледачоў уключыць мабільныя тэлефоны і падняць іх ўгару. - Вельмі прыгожа!  Дзякуй за агні, якія гараць унутры вас!" – дзякуе Артыст і працягвае імпрэзу “музыкай для ціхага танцу ўнутры галавы” – новай версіяй кампазіцыі “Шла дальше”.

 

Як кажуць - сам сябе не пахваліш, ніхто не пахваліць. Напрыканцы канцэрту Віталік развітваецца з гледачамі не класічнай фразай “канцэрт падыходзіць да свайго завяршэння, а называе рэчы “сваімі імёнамі” – канцэрт атрымаўся!

“Ёсць на зямлі легенда, па якой калі ўсе людзі аб’яднаюцца і будуць танчыць разам, калі ў іх гэта атрымліваецца, гэта тыя самыя энергетычныя каналы, якія разганяюць тугу, падоўжваюць жыццё і адмяняюць усе канцы свету! –крычыць Віталь Артыст. -Таму мы папрасілі нашу сяброўку Веру, каб яна правяла творчы танцавальны эксперымент. Паспрабуем усе разам паўтараць рухі”.


Скончылі свой выступ БЕЗ БИЛЕТА радыйнай версіяй песні “Адрес - планета Земля” і супакойлівым рэгі з сярэдняй паласы Зямлі “Красному діску сонца”, няхітрымі танцамі ды масавым экстазам.

 

 

 

Ля грымёркі мы сустрэлі натоўп маладых людзей у чарзе па аўтографы ды фота з гуртом. Яны ўзрушана абмяркоўвалі той факт, што падчас адной з відэаінсталяцый разглядзелі сябе на фотаздымках “нават па 3 разы” і што “круты быў канцэрт”.

“Мы даўно слухаем гурт БЕЗ БИЛЕТА. Аж з 10-га класа! – кажуць дзяўчаты якім і на выгляд не больш, чым гадоў па 18. - А новы альбом класны! Такі зварот у дзяцінства! Вельмі настальгічна! Каруселі, касетныя магнітафоны, усё так класна! Ляцім да "Звезды"! Пад ранейшыя песні БЕЗ БИЛЕТА можна было проста танчыць, а зараз трэба думаць. Філасофская пласцінка атрымалася!"


 

Якая такая філасофія ў “Звезды” і што з ёй рабіць, патлумачыў пасля канцэрту Віталь Артыст: музыка планеты Зямля не змяшчаецца ў мясцовыя беларускія рамкі. Гэтым і раздражняе тых, хто яе не разумее:

“Раскрою вялікі сакрэт – так было і з папярэднімі двума альбомамі. Яны таксама адразу не спадабаліся і мне сказалі: “Вось раней класна было, танцавальна, а зараз не зразумееш што – філасофія нейкая”. Пасля ўсе расслухалі, забыліся, што ён не падабаецца, і адразу ўсё, суперальбом! Тут бац - і новы альбом “Звезда”. Плюс, тут мы пайшлі далей і знайшлі нешта новае. І музыка, якую мы прадставілі на гэтым дыску, нетрадыцыйная для Беларусі. І нават ёсць такі пабочны эфект, калі доўга не выязджаеш з Беларусі, крышачку заціраецца музычны слых. Тут патрэбная вандроўніцкая трэніроўка. Калі чалавек ездзіць па краінах – ён адразу чуе ў гэтай музыцы планетараныя ноткі".


Прааналізаваўшы збольшага прэзентацыю, Віталік ацаніў выступ БЕЗ БИЛЕТА на 4 па 5-ці бальнай шкале. А аншлаг у зале патлумачыў проста - гэтыя людзі паслухалі новы альбом больш за 2-3 разы і ўсё зразумелі.

Віталь Артыст: "Калі адразу не зразумелі – паслухайце праз тыдзень яшчэ раз. Усе, хто змог расслухаць – вось зараз радуюцца! Ды і ўвогуле, гэты канцэрт – паказальны для БЕЗ БИЛЕТА. Паколькі было мноства сумненняў – шмат хто лічыў, што гурт-выскачка і ці годны ён? Пакажыце! Прад’явіце! Дзе вы там па нейкіх сваіх гарадах граеце, давайце ўжо Палац спорту! І ў нейкай меры гэта быў іспыт для роднага горада. Я спадзяюся, што ён быў пройдзены і можна прызнаваць, што гурт ёсць”.


На дасягнутым гурт БЕЗ БИЛЕТА спыняцца не збіраецца, наадварот – абяцае замацаваць вынік серыяй будучых канцэртаў. Наступны канцэрт-працяг Віталік Артыст паабяцаў зладзіць у сакавіку. Еўрарадыё паспрабавала высветліць маштабы будучай імпрэзы – ці не плануе Артыст выпусціць да таго часу і яшчэ адну пласцінку?

“Не, так хутка альбомы нельга выпускаць, прынамсі, мы так не ўмеем, – кажа Віталік. – Гэта ж трэба нешта сабраць, пра нешта даведацца. Альбом “Звезда” – гэта наша вандроўка за мінулыя два гады. Там сабрана ўсё, што мы бачылі, і да чаго дадумаліся. Што мы адчулі сваёй тонкай аўрай. Наступны альбом будзе! Гэта дакладна! Мы адправімся ў новую вандроўку!"


 



Дарэчы, і фанаты БЕЗ БИЛЕТА з іншых гарадоў Беларусі могуць пачынаць актыўна сачыць за афішамі – гурт рушыць ў тур!

БЕЗ БИЛЕТА у лютым адправіцца ў так скажам “Звезда-тур”. Будуць нейкія канцэрты ў Беларусі. Мы ўжо крыху паездзілі, але гэта не было аб’яднана нейкімі шматлікімі датамі. У лютым-сакавіку ў нас будзе шмат канцэртаў па Беларусі, а таксама мы зачэпім Маскву і Кіеў. Ну а там ужо, як занясе лёс!”


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі