Вайцюшкевіч і Кулінковіч па прыколу падалі заяўкі на Дзень вулічнай музыкі

Зоркі беларускага рока Аляксандр Кулінковіч і Зміцер Вайцюшкевіч падалі заяўкі на ўдзел у Свяце вулічных музыкаў, якое ўпершыню адбудзецца ў Мінску падчас Дня горада. З адказам на пытанне, навошта гэта трэба “забароненым” артыстам, Вайцюшкевіч пакуль не вызначыўся, а Кулінковіч адказаў: папрыкалвацца.

Аляксандр Кулінковіч: “На мой погляд, для нармальнага музыкі ўсё тое, што прапануе ўлада ў гэтым плане – то бок вулічны выступ ці нешта падобнае – гэта ўсё, па ідэі, зневажальна. Таму нармальны музыка можа толькі папрыкалвацца, чым мы і займаемся”.

Удзельнікі Свята вулічнай музыкі ў Мінску павінны не толькі зарэгістравацца, пазначыць статус і заслугі ў галіне мастацтва, але падрабязна распісаць праграму выступу і змест песень. Апошні пункт ударыў па годнасці музыкаў, а некаторых адштурхнуў ад ідэі паўдзельнічаць у свяце. Кажа лідар гурта “Босае сонца” Алесь Зайцаў.

Алесь Зайцаў: “Спампаваўшы анкету і прачытаўшы нейкія патрабаванні да музыкаў, я моцна задумаўся, ці патрэбна гэта ўвогуле. Таму што свята вулічнай музыкі, мне падаецца, мусіць быць трохі імправізацыйным і сапраўды вольным, каб музыкі маглі адпаведна настрою, які ў тую хвіліну будзе прысутнічаць на той ці іншай вуліцы, сыграць адпаведную музыку, сказаць адпаведныя словы. Вельмі шмат абмежаванняў, якія робяць гэты, так званы, вулічны фестываль, мерапрыемствам савецкага кшталту, якое распісана да дробязей і ўсё падкантрольнае”.

Але ёсць і іншыя меркаванні. Пазітыўна ацэньвае магчымасць паказаць сваю творчасць людзям лідар сёрф-рок-гурта The Silicon Зміцер Паплаўскі.

Зміцер Паплаўскі: “Проста ў нас такіх мерапрыемстваў ніколі не было, таму мы вырашылі паўдзельнічаць, пайграць людзям музыку, якую яны, магчыма, ніколі не чулі. Будуць хадзіць звычайныя мамы з дзецьмі па Траецкім прадмесці, моладзь гуляць. Мне было не ўлом запоўніць анкету. У такой краіне жывем, што трэба запаўняць анкеты. А як па-іншаму?”

Ідэю свята аднойчы прыдумаў літоўскі рок-музыка і прадзюсар Адндрыюс Мамантавас. У выніку Дзень вулічнай музыкі стаў адной з візітовак Літвы: штогод пачынаючы з 2007-га ў першыя выхадныя траўня на вуліцы 50 літоўскіх гарадоў высыпаюць музыкі. Еўрарадыё запыталася ў Андрыюса пра тое, хто і якім чынам можа стаць вулічным музыкам.

Адндрыюс Мамантавас: “Ідэя такая, што кожны чалавек у дзень вулічнай музыкі, незалежна ад таго, ці грае ён два акорды ці Моцарта, можа выйсці на вуліцу і граць. Задума такая, што кожны чалавек можа стаць вулічным музыкам у гэты дзень, то бок граюць і аматары, і прафесіяналы. Хто што хоча граць, той тое і грае”.

Каб пазбегнуць хаосу і мітусні падчас свята, літоўскія музыкі мусяць проста зарэгістравацца, а потым, гледзячы на адмысловую карту, знайсці сабе вольнае месца. Ніякіх абмежаванняў па палітычных поглядах і тэкстах песень у Літве няма. Пра сітуацыю ў Мінску Мамантавас ведае і лічыць, што “заўсёды можна знайсці выйсце”.

Андрыюс Мамантавас: “Я ведаю, што музыкі павінны падаваць сваю праграму і тэксты песень. Напэўна, у кожнай краіне – свая рэальнасць і свае правілы. Я судзіць альбо нешта прапаноўваць не магу. У кожным выпадку, гэта ўпершыню ў вас адбываецца, а гэта ўжо добры знак…Часам можна не спяваць. Можна ўзяць бубны і біць рытм. Гэта таксама выйсце”.

Дарэчы, мінулы Дзень вулічнай музыкі ў Вільні наведалі прадстаўнікі мінскага гарвыканкама, пасля чаго вырашылі зладзіць аналагічнае свята ў Беларусі. Андрыюс Мамантавас збіраецца 10 верасня прыехаць у Мінск і спадзяецца, што ў наступным годзе беларускія і літоўскія музыкі сыграюць на вуліцах сваіх гарадоў у адзін дзень.

Фота: www.liveinternet.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі