Талент з Жодзіна не прабіўся на тэлеканале АНТ, але "заззяў" ва Украіне

Украінскае тэлебачанне расказвае пра саліста студыі Жодзінскага гарадскога Дома культуры, што ў сябе на радзіме ён неаднаразова спрабаваў прабіцца на вялікую сцэну, але пасля чарговага расчаравання вырашыў заняцца бізнэсам — адчыніў кавярню ў Жодзіне.

Як адзначае "Наша ніва", чацвёрты сезон "Украіна мае талент" можа стаць для Яўгена Літвінковіча зорным. Апошні куплет ягонай песні "Sweet People" многія гледачы віталі стоячы.

Гутарку з Яўгенам у жывым эфіры Еўрарадыё можна паслухаць тут: 120403 LitvinkovichS.mp3

Еўрарадыё: Ці памятаеце вы, як пачалі спяваць?

Літвінковіч: Так, памятаю. Мне было дваццаць два гады. Я быў закаханы ў адну дзяўчынку. Яна была маладзейшая за мяне на гадоў нешта з сем, мне нельга было з ёю сустракацца. Яна спявала ў мясцовай студыі эстраднай песні. Я падумаў, што каб мне быць разам з ёю, трэба таксама запець ды быць такім жа патрэбным нашай студыі. Тады я пачаў займацца, і вось вынікі.

Еўрарадыё: Вы спяваеце ў ансамблі “Срэбныя трэлі”. Ансамбль выконвае падобную музыку, што вы спявалі на шоў?

Літвінковіч: Не, я сябе спраўджваю ў розных стылях. Мне да спадобы рок, джаз, блюз. Проста мне на Еўрабачанні спадабалася песня Алёшы, дый я паспрабаваў яе спець. Вось так атрымалася. Я пайшоў на ўкраінскі кастынг і мне здалося, што ўкраінцам будзе прыемна пачуць іх песню.

Еўрарадыё: Ці спрабавалі вы калі-небудзь прабіцца ў вялікі шоўбізнес на радзіме?

Літвінковіч: Так, вядома. Гэта і “Акадэмія талентаў”, і “Новыя галасы Беларусі”, і “Музычны суд” – гэта былі збольшага праекты тэлеканала АНТ.

Еўрарадыё: І што?.. За мяжою адразу такая сенсацыя, а на Радзіме вас не заўважылі?..

Літвінковіч: На мой вялікі жаль, у нас неяк не атрымлівалася. Заўсёды неяк каля фіналу, але не да канца, не да перамогі.

Еўрарадыё: Ці ведаюць пра Ваш поспех у вашым родным Жодзіне?

Літвінковіч: Так, у Жодзіне ведаюць.

Еўрарадыё: Пазнаюць? Паціскаюць рукі?

Літвінковіч: Пазнаюць! Вельмі маленькі горад, таму тут усе ведаюць адно аднаго.

Еўрарадыё: Хто ваш музычны кумір? Чый узровень – ваш Эверэст, на які вы будзеце спрабаваць увайсці?

Літвінковіч: Не тое, каб быць падобным, але ў Майкла Джэксана ёсць чаму павучыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі